Скачать книгу

пытанні… Хлопчык стараўся трымацца мужна, як яго вучылі, як належыць шляхціцу, – але ад горкіх лекаў небараку ледзь не заванітавала…

      – Калі пан вып’е гэтую мікстуру, ён абавязкова паправіцца, а тады я запрашу васпана ў госці ў акадэмію. Там ёсць вялізная труба, праз якую бачныя зоркі – блізка-блізка, і можна паглядзець, што робіцца на месяцы! Пан хоча паглядзець на зоркі? – сур’ёзна пытаўся Лёднік.

      – Хацу! А іх мозна з неба зняць?

      Пранціша ў гэтай сітуацыі больш непакоіла, што скажа пані Саламея, калі даведаецца пра гэткае матэрыяльнае ўвасабленне змрочнага мінулага свайго мужа. І, што яшчэ больш важна, ці не прыб’е доктара пан Агалінскі, які, падобна, мае на гэта законнае права. Няўжо нат не здагадваецца, у каго ўрадзіўся ягоны цемнавалосы сын? Ці не былі ў пана падставы пазбавіцца ад алхіміка ў сваім доме яшчэ больш важкія, чым злосць на непакорства ды боязь атруты?

      Лёднік гушкаў хлопчыка на руках, нешта шаптаў на вушка – і быў такі шчаслівы, якім Пранціш ні разу яго не бачыў.

      Але скрадзенае шчасце доўгім не бывае. Калі хворы задрамаў, доктар уклаў яго ў ложак асцярожна, як крышталёвага, накрыў коўдрачкай…

      – У яго алергія… Гэта… прыроджанае. Некаторых рэчываў ягоны арганізм не пераносіць. Лекі пакіну, і яшчэ зраблю… Адвары – піць, мазі – змазваць высыпанні, калі з’явяцца. Але галоўнае – дам спіс, ад чаго яму можа стаць кепска. Пазбягаць пэўнае ежы, пахаў… Ён гэта перарасце. Гадоў у адзінаццаць, думаю.

      Пранціш успомніў, што ў Лёдніка ў маленстве таксама была такая хвароба – бацька-гарбар не мог яго прыладзіць да спадчыннага рамяства, бо сын ад паху сырых скураў пакрываўся болькамі ды млеў.

      – Я магу яшчэ яго пабачыць? – прашаптаў Лёднік. Пані нахіліла галаву, светлыя пасмачкі, што выбіліся з фрызуры, ускалыхнуліся.

      – Не ведаю… Хіба што мужу будзе не да нас – ты чуў, у Вільню нават Багінскія прыехалі, хочуць месца ваяводы для пана Міхала. Той пакінуў расейскую імператрыцу дзеля такога выпадку. Пакуль невядома, чый бок зойме муж – Багінскія зараз шляхту перакупаюць. Але ясна, што чакаецца валтузня.

      – Прышлеце па мяне, як толькі атрымаецца… Ці да мяне хлопчыка прывязіце. За ім трэба назіраць. І для вас я таксама лекаў перадам. Мне падаецца, што вы зусім запусцілі сваю хваробу. Памятаеце мае рэкамендацыі?

      Лёднік нешта тлумачыў наконт зёлак, дыеты і шпацыраў, а Вырвічу ажно дух заняло ад звесткі, што Багінскія тут! А раптам і панна Паланэя прыехала? Там, у Варшаве, яна яшчэ больш увязалася ў палітыку, якіх толькі інтрыг юнай прыгажуні не прыпісвалі. Пранцішу, зразумела, кроілі сэрца асобныя чуткі… Але вось ён, шанец – калі паненка тут, ці не спатрэбіцца ёй, як калісьці, адважны і спрытны рыцар, здольны выканаць любое, самае складанае, даручэнне?

      На развітанне пані Агалінская папыталася:

      – Твая жонка прыгожая, Бутрым?

      – Прыгожая, – адказаў былы слуга.

      – Ты яе кахаеш?

      – Вельмі.

      Пані памаўчала.

      – Дай Бог вам шчасця.

      – І вам таксама, мая пані…

Скачать книгу