ТОП просматриваемых книг сайта:
Авантуры студыёзуса Вырвіча. Людміла Рублеўская
Читать онлайн.Название Авантуры студыёзуса Вырвіча
Год выпуска 2014
isbn 978-985-7083-16-9
Автор произведения Людміла Рублеўская
Серия Пранціш Вырвіч
Издательство Электронная книгарня
Дом, дзе спыніліся Агалінскія, не быў надта шыкоўным – шляхта, што панаехала з Княства ды Каралеўства, пазаймала ўсе прыстойныя будынкі, так што каму ўжо які дастаўся. Святло ліхтара адбівалася на мокрай чарапіцы даху. Можна было разгледзець толькі ганак з двумя драўлянымі калонамі і вокны з сапраўднага шкла, за якімі свяціліся цьмяныя агеньчыкі свечак. Адзін з агеньчыкаў плыў у бок дзвярэй – гасцей чакалі…
– Сюды, пан доктар! – прыслуга ў белым каптуры і белым фартушку, якой ні была б устрывожанай, кінула прагна-цікаўны пагляд на Лёдніка. Вырвіч зразумеў, што таксама бачыла яго ў іншым становішчы.
У вітальні доктар сурова запатрабаваў вады – вымыць рукі перад тым, як ісці да пацыента, потым акуратна выцер чыстым ільняным рушніком кожны палец асобна, вільготны рушнік няўважна кінуў на рукі прыслузе… За ягонымі дзеяннямі назіралі, як за чорнамагічным рытуалам, пасля якога ва ўсіх рогі вырастуць. Ну і рэпутацыя тут у алхіміка была! Пасля візітаў асоб з такой рэпутацыяй ліхаманкава шукаюць у хаце падкінуты “расскепены жолуд” альбо завязаную вузлом анучку. Прафесар пагардліва падціснуў вусны, закінуў галаву і рушыў наперад, шабля паблісквала пры ягоным левым баку. Вырвіч таксама прыняў самы свой фанабэрысты выгляд і дэманстратыўна паклаў руку на дзяржальна шаблі, увесь такі слічны ды палітычны, гатовы ўвобмірг пакараць за найменшую непачцівасць.
Пакояў аказалася нечакана шмат, лямпа ў руках прыслугі плыла па цёмным калідоры, як нечая светлая душа, якая са шкадобы вырашыла праводзіць неафіта праз падземнае царства. Адчувалася, што дом здымны – праз расчыненыя дзверы пакояў бачылася, што мэблі малавата, партрэтаў дык зусім няма, акрамя тоўстай фізіяноміі Аўгуста Саса ў залачанай рамцы. Але, падобна, цяперашнія гаспадары прывезлі з сабою тое-сёе для ўтульнасці – там стаялі шырмы кітайскага шоўку, тут пабліскваў на століку срэбны сервіз… Нарэшце расчыніліся апошнія дзверы, і перад гасцямі апынулася гаспадыня.
Вядома, да пані Саламеі ёй было далёка. Ніхто б не змог прыняць гэтую кабету за Сільфіду незямной гожасці – а Саламеі аднойчы давялося выконваць гэткую ролю. Але ж Саламея Лёднік, у дзявоцтве Рэніч, была адзінай і непаўторнай… Кабета, якая сустрэла начных гасцей, таксама па любых зямных мерках была гожай. Стройная пастава, ганарыстая пасадка галавы, вялікія светлыя вочы, нос тонкі, з гарбінкай, рот, можа, трохі велікаваты, з нервовай складкай, русявыя неслухмяныя валасы зачасаныя ў высокую прычоску, і асобныя лёгкія пасмачкі выбіваюцца, быццам лёгкі дымок. Светлыя вочы глядзелі на Лёдніка з незвычайным напружаннем, нібыта на далёкі ветразь доўгачаканага карабля: якога ён колеру, жалобы альбо надзеі?
– Прывітанне, Бутрым!
Лёднік зняў капялюш, адвесіў цырымонны паклон і пацалаваў руку кабеты.
– Мае шчырыя прывітанні яе мосьці пані Агалінскай… Давольце прадставіць – ягоная мосць пан Прантасій Вырвіч з Падняводдзя, мой высакародны