ТОП просматриваемых книг сайта:
Авантуры студыёзуса Вырвіча. Людміла Рублеўская
Читать онлайн.Название Авантуры студыёзуса Вырвіча
Год выпуска 2014
isbn 978-985-7083-16-9
Автор произведения Людміла Рублеўская
Серия Пранціш Вырвіч
Издательство Электронная книгарня
Малюнак, калі прыгледзецца, быў недасканалы – ён увесь складаўся з асобных простых рысачак, ад чаго здаваўся каструбаватым. Але ніхто б не здагадаўся, што маляваў не жывы мастак, а бяздушны аўтамат. Лёднік так і сяк круціў аркуш, глядзеў на святло, ледзь не на смак спрабаваў.
– А што гэта за мясціна? – не вытрымаў Вырвіч. Прафесар паціснуў плячыма.
– Не ведаю. Праўда, надпіс над уваходам адметны, пра яго могуць быць звесткі. “Перамога агню над жалезам”… Victoria ferrum luce… Штосьці сімвалічнае, эзатэрычнае… Можа, там таемная лабараторыя? – у голасе прафесара пачулася мройнасць – так яму, падобна, захацелася ў тую лабараторыю, за новымі ведамі. – Таямніцу знаходжання яе, упэўнены, раскрываюць гэтыя літары і лічбы… Эх, ёсць адзін спосаб… Каб гэта мне раней у рукі патрапілася, я б учыніў пэўны рытуал… – твар Лёдніка стаўся такім прагна-драпежным, што Пранціш пералякаўся – бо зразумеў, што доктар успомніў пра свае заняткі чорнай магіяй, і вось-вось адновіць практыку…. Але той схамянуўся, страсянуў галавой, скідаючы ачмурэнне, вінавата перахрысціўся, прамармытаў кароткую малітву.
– Трэба ўключыць наш аўтамат, – хай яшчэ раз памалюе.
Лёднік прынёс са свайго стала аркуш, паклаў пад руку Пандоры. Пранціш, не чакаючы запрашэння, з радасным прадчуваннем націснуў на маленькі падважнік у спіне лялькі. Пачуўся лёгкі шум, нібыта слізгалі па хрумсткім снезе санкі, потым нешта ўнутры васковай фігуры грукнула, Пандора рэзка прыўзняла твар, і яе вочы сустрэліся з вачыма студыёзуса. Вырвіч ледзь утрымаўся, каб не адскочыць ад д’ябальскай фігуры. Лялька паглядзела направа, налева, прычым паварочвалася не толькі галава, але і вочы таксама, а грудзі ўсхвалявана ўздымаліся. Потым варухнулася рука з алоўкам… Рыска за рыскай на аркушы пачаў узнікаць знаёмы малюнак. Пандора ўважліва ўглядалася ў яго, пакручваючы галавой, а па скуры Вырвіча мітусіліся звар’яцелыя ледзяныя мурашкі. Нешта ў тым, што адбывалася, было брыдкае, бязбожнае… Злая пародыя на жыццё.
Лёднік трымаў побач два аркушы: выявы нічым не адрозніваліся, хіба другая была больш выразная, нібыта ў абуджанай ад сну лялькі прыбавілася сілаў, і яна цяпер больш моцна націскала на аловак.
– За гэтым малюнкам абавязкова павінна нешта важнае хавацца! – сцвердзіў Вырвіч. – Нездарма ягоная мосць Пане Каханку хоча займець гэты аўтамат!
– Думаю, гэта князю іншыя ўвялі ў вушы, той жа ягоны канфідэнт Богуш, –