ТОП просматриваемых книг сайта:
Сімъ побѣдиши. Алесь Пашкевіч
Читать онлайн.Название Сімъ побѣдиши
Год выпуска 2012
isbn 978-985-7057-16-0
Автор произведения Алесь Пашкевіч
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство Электронная книгарня
У перапынку многія падыходзілі да яго, хвалілі за даклад, але – аніводнага, нават ускоснага намёку пра кнігу Евангелля! Ну хай там замежнікі, немцы ці французы, якія й чуць аб ёй не чулі… Але ж тутэйшыя, сербы, чарнагорцы?..
Вечарам было застолле. Мора традыцыйнай ракіі, каньяка, лікёра «Горкі ліст»… Любіў Заяц гэтую справу, але стрымліваўся: хто яго ведае, як там абернецца? Усё ж – замежжа…
Назаўтра працавалі асобныя секцыі, і ён пайшоў на «Культуру і гісторыю Балканаў». Паслухаў даклад прафесара Янкавіча аб ролі нацыянальнай паэзіі ў станаўленні сербскай дзяржаўнасці, яшчэ з дзясятак карацейшых выступаў – і пасля кава паўзы пайшоў у гатэль адпачыць. Зранку былі запланаваныя экскурсіі: цеплаходам у Бока Каторскі заліў, на Скадарскае возера і ў Цэціньскі манастыр. На выбар. Зразумела, ён выбраў апошняе: там захоўвалася старадаўняя бібліятэка.
І вось – напаўпусты (большасць удзельнікаў канферэнцыі падалася да мора) «Ікарус» хутка адлічыў паўсотню кіламетраў ад Падгорыцы і завіляў па вузкіх вуліцах Цэціні.
Гарадок быў заліты сонцам і пахам пераспелай смоквы. Старанна злепленыя з камянёў дрымотныя сцены манастыра. Да глянцу нацёртыя падэшвамі прыступкі. Прахалода і мядовы бляск абразовых акладаў дзеючай царквы…
– Не хочаце, гасподар прафесар, пабыць каля машчэй святога Пятра? – вывеў з задуменнасці ціхі голас Янкавіча.
– Так, дзякуй.
У невялікім пакоі пад белымі зводамі сценаў перад авальным акном стаяла рáка. Над ёй – тры сціплыя абразы. Манах у чорнай рызе і дзве бабулькі ў чорных хустах укленчылі перад мармуровым узвышэннем. Янкавіч перахрысціўся, за ім аўтаматычна і Заяц.
«Ну вось, – падумаў, – савецкі навуковец, камуніст… Бачыў бы хто з нашых…»
Затым яны сядзелі на каменнай лаве пад ценем невядомага дрэва з тоўстымі і прадаўгаватымі – як рыбы – лістамі і чакалі астатніх.
– А багатая бібліятэка ў манастыры? – як скрозь дрымоту спытаў Заяц.
– Так. – Калега загадкава апёк яго зіхоткімі зрэнкамі. – Але візантыйскага Евангелля ад Яна там няма…
У апошні дзень канферэнцыі Янкавіч запрасіў Зайца да сябе на вячэру – у прыгожы белы дом пад чырвона рудаватым дахам. Разам з ім тут жыў і стары бацька – прафесар гісторыі. Невялікага росту, сухі, сівыя бровы і вейкі, але пад імі – жвавыя каштанавыя вочы. Абрадаваўся госцю, пахваліў, што пакланіліся Пятру Цэціньскаму. Гаварыў па расійску амаль без акцэнта, толькі зрэдку ўстаўляючы сербскія словы:
– З ім, святым Пятром, і вашай краінай – цэлая гісторыя. Калі падмацуецеся і захочаце паслухаць старога, магу распавесці… – і з чвэрць гадзіны ў цяністай прахалодзе гучаў