Скачать книгу

ў мяне сёння. А справы твае нічога табе не зробяць тут… – ён прымоўк, агледзеўся і дадаў: – Калісьці і я такі ж быў…

      Чалавек зноў задумаўся аб тым, што ўзгадваў сёння, а хлопец сядзеў прыбіты ды спустошаны, утаропіўшыся долу. Ён вырашаў, ісці ці застацца, увесь быў як спружына, гатовы сарвацца ды паляцець у невядомым кірунку… Нібы нехта нябачны ціснуў яго ў карак, гнуў спіну, варушыў думкі, не дазваляючы супакоіцца. І ад думак тых, ад бясконцых тулянняў бедны хлопец ужо не мог і сцяміць, дзе сканчаецца ён сам і пачынаюцца яго абавязкі. Чалавек бачыў, што штосьці з хлопцам нядобра, але ён толькі сказаў у канцы: “А то заставайся зусім у мяне”.

      Хлопец адарваў свой позірк ад падлогі ды з адчаем утаропіўся ў чалавека.

      – Я нічога не ведаю… што мне рабіць? Чалавек схаваў твар у далонях і замёр у такой паставе. На сцяне цікаў гадзіннік. Ён падняўся з лаўкі і пацягнуўся па кажух.

      – Хадзем.

      Сонца даўно зайшло, толькі над лесам мігацела кволая блакітнасць, усё наваколле апускалася ў сутонне. Чалавек шураваў наперадзе па глыбокім снезе, спрытна, што хлопец не паспяваў. З правага боку цямнеў лес. Дзесьці за ім мусіла быць шаша, але ніводнага гуку чамусьці не даносілася з яе. У зімовай начы толькі іхныя крокі гучэлі навокал, ды раптам рыпнула дрэва, вецер прычасаў ускудлачанае вецце. І цішыня, нерухомасць.

      Шэрай плямай на тле лесу выступіла маленькая паляна, з аднаго боку адкрытая пустому полю.

      – Ніхто тут не хадзіў яшчэ, – чалавек павёў хлопца праз паляну ў дальні канец. – Сядай.

      Хлопец сеў на голы камень, тварам да поля, а са спіны да яго падбіраўся лес. Чалавек стаяў збоку і дзіўна падскугольваў і прыскокваў:

      – Сядай, кажу. У-у-у, глядзі… і не глядзі. А калі надумаеш, дык прыходзь – калі ласка.

      І ён пакрочыў назад, а хлопец чуў толькі яго крокі, пакуль не апынуўся нарэшце ў суцэльнай цішы, з лесам за спінай. Спачатку страшнавата было – увесь час азірнуцца карцела.

      Чалавек, вярнуўшыся дадому, пастаяў у сенцах ды пакінуў дзверы незамкнёнымі. Распрануўшыся, ён укленчыў пад абразамі і доўга маўчаў, потым перахрысціўся і ўзняўся. Пасля ізноў выйшаў на двор, паўглядаўся, пакратаў паркан, падлічыў нешта сам сабе ды пайшоў спаць.

      Ён пачуў, як хлопец заходзіць у хату – бразгае клямкай, намацвае засаўку. Соваўся па сенцах – шукаў святло, пасля звінеў конаўкай аб вядро – набіраў вады. Праз нейкі час хлопец сціх, не стаў будзіць чалавека – сам знайшоў, дзе легчы. Мабыць, на ўслоне скруціўся.

      Чалавек прачнуўся, абуджаны голасам у суседнім пакоі, або галасамі. Не разумеючы спрасонку, ён адкінуў коўдру ды ступіў на сцюдзёную падлогу басанож. Падышоўшы да дзвярэй, узгадаў пра хлопца і спыніўся. З кім гэта ён размаўляе? “З д’яблам, напэўна”. Ён бачыў праз фіранку, як хлопец, ужо апрануты, стаіць сярод пакоя неяк дзіўна і кажа камусьці: “Так, зараз… канечне… канечне…” Голас у яго быў не такі ўжо, як учора – разгублены, адчайны крык у пошуках выйсця, – зараз гэта быў цвёрды голас скамянелай маладосці. Здавалася, быццам не засталося ў яго больш сумневаў. Падціснуўшы

Скачать книгу