ТОП просматриваемых книг сайта:
Разламашкі майстра Люфта (зборнік). Кацярына Мядзведзева
Читать онлайн.Название Разламашкі майстра Люфта (зборнік)
Год выпуска 2015
isbn 978-985-90377-2-6
Автор произведения Кацярына Мядзведзева
Жанр Сказки
Издательство Электронная книгарня
І вось што дзіўна. Даведаўшыся пра чары, я не спалохалася і не заплакала, не. Я адчула неймавернае палягчэнне. Зачараваная! Вось чаму мяне не заўважаюць на танцах, а суседкі глядзяць спагадліва, і цётка ў краме, выбіраючы «элегантнае» для Алісы і «спакойнае» для Эмы, заўсёды просіць «што-небудзь паяскравей для старэйшай дачкі». Гэтулькі гадоў я вінаваціла сябе ў тым, што бязглузда і сумна распараджаюся падараваным мне жыццём, а цяпер высветлілася, што я невінаватая, што ўсё было б зусім інакш, не давядзіся камусьці накласці на мяне моцныя чары. Я ўздыхнула з палёгкай, быццам нейкі нябачны суддзя грукнуў малаточкам і нарэшце, праз трыццаць гадоў чакання, вынес мне апраўдальны прысуд.
Частка 4
Некалькі дзён я старанна разважала над таямніцай, што так раптоўна адкрылася мне. Тое, што прабабуля знаходзілася ў сяброўскай перапісцы з вядзьмаркай ці чараўніцай, мяне, прызнацца, зусім не здзівіла, – гэта было вельмі ў яе духу. Куды больш займала мой розум асоба іншага чараўніка – таго, наймацнейшага, чые чары сапсавалі мне жыццё. Калі я падумала пра тое, што адпраўлюся на яго пошукі, у мяне мурашы пабеглі па спіне. А калі я падумала пра тое, што знайду яго, мне зрабілася зусім блага. Толькі ўявіце сабе – жытнёвы блінчык і магутны злы чараўнік! Не трэба быць празорцам, каб прадказаць зыход гэтай сустрэчы. «Ах, нябачнасці табе мала? – прагрукоча ён. – Так ператварайся ў жабу!»
Незразумела, дарэчы, чаму ў казках так рупліва культывуецца выява жабы як самай брыдкай і агіднай істоты. Падумаеш, жаба. Яны, калі задумацца, вельмі годныя стварэнні. Мая бабуля іх любіць, бо яны ядуць смаўжоў, гусеніц, жукоў, мнаганожак і іншых заклятых ворагаў. У нашым садзе я ведаю, сама меней, тры жабіны дамкі – пад парогам садоўніцкай адрынкі, у цёмнай вільготнай гушчы кветніка і пад камянямі, якімі абкладзены кветнік з мнагалетнікамі. Можа, лепш было і мне ператварыцца ў жабу, а не блукаць па белым свеце нябачным чалавекам.
Калі я сустракаю жабу, якая важна скача па сцяжынцы, мне так і хочацца раскланяцца. Раптам яна такая ж зачараваная, як я? Калі б ведаць напэўна. «Не журыся, сяброўка, – сказала б я ёй. – Жаба – гэта яшчэ не самы дрэнны варыянт. Значна горш быць ператворанай у дурня. Ці ў скнару. Ці ў векавуху, накшталт мяне». Але я ніколі не скажу гэта, бо раптам яна не зачараваная, а самая сапраўдная прыстойная жаба? Што яна падумае пра мяне?
Паразважала я пра жаб, паразважала – і адправілася ў сад. Не, не па жабіну параду. Я пайшла шукаць бабулю: магчыма, яна здолее ўспомніць сяброўку сваёй маці, жанчыну з такім прыгожым почыркам. Трэба ж мне было ад чагосьці адштурхоўвацца ў сваіх пошуках.
Наш сад не тое каб велізарны, але ў дзяцінстве мы з сёстрамі пару разоў у ім губляліся. Там ёсць сажалка і лаўкі, градкі з морквай і спаржай, альпійская горка і невялікая цяпліца. У цяпліцы я і знайшла бабулю. «Папрацуйце, дзеткі», – прыгаворвала яна дзелавіта і выпускала з пачка ад запалак тоўстых і незадаволеных чмялёў. Згледзеўшы