Скачать книгу

балота, з поўначы, густа ішоў вецер, халодны, сіверны. У святле з Парасчынага акна час ад часу мільгалі дробныя, ледзь відныя сняжынкі. Як бы дражніліся, абяцаючы даўно чаканы снег. Распранутая, у паркалёвай кофце, без хусткі, Ганна з ахвотай цярпела холад, што лез за шыю, за спіну, сцінаў бакі. Стрымліваючы дрыжыкі, што бралі ўсё мацней, яна чула, як ціхнуць смутак, адзінота, недарэчная зайздрасць чужому шчасцю.

      «Трэба ж, дурная, – пазайздросціла!.. Як усё адно-мало паспытала ўжэ етай радасці!.. Закаяцца навек, здаецца, трэба б, кеб трохі розуму було!.. Дак не ж, не забула смаку той «радасці», як ужэ зайзрасць бярэ на чужую!.. І на чыю?!» Да яе зноў дайшоў вясёлы галасок з-за акна, і Ганна падумала: «Радая… І няхай – радуецца! Няхай цешыцца, калі ўдаецца!.. Не ва ўсіх жа так па-дурному буць павінно, як у мяне!.. Павінно ж буць у некаго шчасце! А калі павінно, то найперш у такіх, як яна. Як Параска. Такая кажнаго зробіць шчаслівым сама».

      Яна ўспомніла, як Башлыкоў паявіўся, як хадзіў па хаце, унурыўшыся ў нешта сваё. Маўклівы, зацяты, недавольны, ён мала змяніўся і тады, калі ўбегла Параска. Мала паддаўся ёй. Ці дасць шчасце ён ёй? Шчасце ж робіць не адзін чалавек… Яна ўспомніла: суседка, Галіна Іванаўна, казала, што Башлыкоў не раз калісьці заязджаў да Параскі. Чаму ж цяпер ён так доўга не наведваўся? Заняты быў? Ды ці ж яму доўга было звярнуць са шляху? Зазірнуць на хвілінку? Да таго ж гэты сённяшні прыезд яго можна і не лічыць. Невядома, да каго ён найперш прыехаў. Паявіўся вунь толькі цяпер, калі абышоў сяло…

      «Як паглядзіш, дак і не знаеш: ці любіць ён яе?» – прайшло ў яе галаве, і яна не адчула, што шкадуе Параску. Здалося нават, што давольна, што ў іх, можа быць, не ўсё гладка. Ёй стала няёмка, брыдка за сябе: нібы бядзе Параскі, сваёй збавіцельніцы, рада, і яна зазлавала на сябе. «Любіць не любіць – не знаеш! А што табе да таго?! Любіць! Любіць, канешне! Калі не дурны!»

      Думкі яе ўчапіліся ў яго. Нібы ўбачыла зноў, як стаяла побач, льючы ваду з карца. Адчула дужасць яго рукі, якой памагаў вылезці ёй са склепа. Пасядзеўшы з ім за сталом, паслухаўшы яго скупыя, цвёрдыя заўвагі, яна мала што ўведала пра яго. Паглыблены ў сябе, скрытны, ён нібы знарок хаваў, што там у яго душы. Толькі адно Ганна добра адчула: ёй гэта асабліва кінулася ў вочы і адразу вылучыла, узняла нявіднага Башлыкова сярод іншых.

      «Еты знае, куды ісці і што рабіць. І зробіць, што б там ні було», – падумала яна цяпер асабліва ясна. І ад таго, што гэта ў цяперашнім яе жыцці было самым важным, што ад гэтага залежала ўсё ў яе лёсе, адчула вялікую павагу да яго. «Еты не нам раўня», – прызнала яна яго перавагу. Тое ж, што так мала ведала яго, што ён быў незразумелы, яшчэ нібы прыдавала яму значэння.

      «Не нашаго поля ягада…» Хтосьці рыпнуў дзвярыма, выйшаў на ганак, і яна азірнулася. Параска.

      – Ты чаго тут? – здзівілася Параска.

      – А от, пастаяць захацелася… – Параска была ў паліто, у хустцы. – А ты – куды?

      – У сяло. Каб не сарвалі сход, чаго добрага.

      У голасе яе Ганна ўлавіла прыхаваны смутак. Адчула вінаватасць за нядаўнія думкі, пашкадавала Параску.

      – Ідзі

Скачать книгу