Скачать книгу

бацькі жаніха, і толькі праз тры гады Жэнні выйшла замуж за Сталя. Пражылі яны разам нядоўга. Яе незалежны характар не мог мірыцца з сямейнымі абавязкамі… Але гэта ўжо іншая гісторыя. Вернемся да Камедзі-Франсэз, да дэбютаў нашай паважанай сяброўкі… і фіялак.

      Уявіце сабе артыстычнае фае ў вечар аднаўлення з удзелам Жэнні «Багдадскай прынцэсы» Дзюма-сына. П'еса гэта мае значныя недахопы – і ў мяне, прыхільніка яго моцна скампанаваных п'ес, такіх, як «Паўсвет», «Друг жанчын», «Франсіён», развязны Дзюма «Чужаземкі» і «Багдадскай прынцэсы» выклікае ўсмешку. Але ўсе, хто бачыў Жэнні ў ролі прынцэсы, сцвярджаюць, што яна стварыла праўдзівы вобраз. Пра гэта я з ёю гаварыў не раз. Цікава тое, што яна паверыла ў вобраз. «У тыя гады, – казала яна мне, – я даволі арганічна думала так, як гераіня Дзюма-сына, і мне здавалася вельмі дзіўным выстаўляць напаказ пры поўным святле самае запаветнае, свае душэўныя перажыванні». Дадайце яшчэ, што ў гэтай ролі яна магла распусціць валасы і паказаць свае цудоўныя плечы. Адным словам, гэта было ўвасабленне хараства.

      Дык вось, пасля авацый, у антракце яна адпачывала ў фае. Вакол яе натоўп. Шчаслівая Жэнні сядзела на ўслоне каля Анры Сталя і з натхненнем шчабятала пра сваю перамогу.

      – Вось так, даражэнькі Анры!.. Цяпер мая лодка на вадзе. Ёсць чым дыхаць… Тры дні назад вы мяне бачылі. Дрэнна іграла, праўда?.. Плюхалася, як у лужыне… Танула… Рот быў залеплены… І вось гэты вечар… Збіраю ўсе сілы, скачок – і я на паверхні!.. Скажыце, Анры, а што, калі я правалюся ў апошнім акце, не выцягну да канца? Божа мой, божа мой!

      Увайшоў білецёр і падаў ёй кветкі.

      – Ад каго?.. А! Ад Сэн-Лу… Ваш сапернік, Анры… Занясіце ў маю прыбіральню.

      – Тут вам ліст, мадмуазэль, – сказаў білецёр.

      Яна разгарнула лісток і гучна засмяялася:

      – Гэта ад ліцэіста… Ён мне піша, што ў сваёй школе яны заснавалі Жэнні-клуб.

      – Тады ўвесь Жакей-клуб перабяжыць у Жэнні-клуб, – пажартаваў Анры.

      – Ліцэісты мне падабаюцца больш, чым аматары верхавой язды. О! І гэты канчае паэзіяй… Слухайце, мой друг:

      Даруйце мне, што вершам вам пішу,

      Прабачце за радкі, што я няўмела склаў.

      Я шчыра вас люблю і вельмі вас прашу,

      Каб наш дырэктар гэтага не знаў.

      Міла… да немагчымасці!..

      – Вы будзеце яму адпісваць?

      – Вядома, не! Такое мне на дзень разоў дзесяць прыносяць. Адурэць можна, адпісваючы… Але гэта мяне акрыляе… Паклоннікі ў шаснаццаць гадоў… яны будуць захапляцца мною доўга.

      – Наўрад!.. У трыццаць гадоў яны будуць натарыусамі.

      – А чаму натарыусам нельга мною захапляцца?

      – І гэта яшчэ вам, – сказаў білецёр, падаючы ёй букецік фіялак цаною ў два су.

      – О! Любата!.. Гляньце, Анры… А запіска ёсць?

      – Не, мадмуазэль, запіскі няма… Дзяжурны гаварыў, што кветкі яму паклаў студэнт з Політэхнічнай вучэльні, у форму быў апрануты.

      – Віншую, мая дарагая, – прамовіў Анры Сталь… –

Скачать книгу