Скачать книгу

аднаго разу выбухнуў.

      Яны пiлi ў майстэрнi ўтраiх: Вольга, Палякоўскi i сябра сям’i Валодзя. Юра перабраў i пачаў дамагацца ў Вольгi прызнанняў у здрадзе. Вольга, як толькi магла, адмаўлялася, але дамаганнi мужа з кожнай чаркай рабiлiся не толькi больш настойлiвыя, але i больш аргументаваныя. А калi Валодзя Лазовiк паспрабаваў быў баранiць сваю каханку ад раз’юшанага законнага мужа, дык пачуў: «Сядзi i маўчы, а вякнеш – заб’ю!»

      Хоць Лазовiк i насiў бараду, як Юра Палякоўскi, але важыў ён удвая менш i нiжэйшы быў на паўгалавы. Так што аспрэчваць пагрозу не было нiякае выгоды. Распачынаць бойку таксама не мела сэнсу. І Валодзя разыграў сцэну памiрання ад перапою. Ён упаў тварам на стол i пачаў курчыцца ў сутаргах. Ён качаўся па падлозе, скавытаў, хрыпеў, пускаў слiну i закочваў вочы так, што на твары заставалiся адно вырачаныя бялкi. Ён драў пазногцямi брудныя дошкi падлогi, бiў сябе ў жывот, пускаў фантаны ванiтаў i ў рэшце рэшт так перапалохаў Вольгу з Юрам, што Палякоўскi пабег выклiкаць лекара, а Вольга натуральна рыдала ў кутку.

      Сцэна была такая яркая, што Вольга адмовiлася верыць у яе несапраўднасць, i Валодзя Лазовiк пакiнуў сцэну цi, дакладней, майстэрню свайго, цяпер назаўсёды былога, сябра. Так скончыўся флiрт, а мне засталося расказаць пра апошнюю сустрэчу з Вольгай Пакроўскай-Палякоўскай.

      Пасля iнцыдэнту ў майстэрнi Вольга доўга, мусiць, з паўгода, не жыла з Палякоўскiм, але час, як любяць казаць баналiсты, загаiў раны. Вольга вярнулася да Юры, пражыла з iм год i нарадзiла дачку. Мае дачыненнi з жанчынамi набылi зусiм iншы кшталт, я ўжо не саромеўся папрасiць або прымусiць каханку стаць у тую пазiцыю, якая б задавальняла не толькi яе, але i мяне. Пра Вольгу я i думаць не думаў, i тут – сустрэча.

      Было гадзiн адзiнаццаць ранiцы, той час, калi на вулiцах Мiнска менш за ўсё народу. Я наважыўся перайсцi праз падземны пераход на другi бок праспекта, а з перахода якраз i выходзiла Вольга. Мы змушана павiталiся. Вольга пачала расказваць пра дачку, пра тое, як любiць дачку Юра.

      Мне страшэнна хацелася як хутчэй развiтацца, бо нарэшце я ўбачыў, якая ж яна непрыгожая, Вольга Пакроўская: нiзенькая, шырокая ў крыжы, з тоўстымi кароткiмi лыткамi, з круглым, нiбы надзьмутым тварам, на якiм ружавее дробны задраны ўгару нос, а яе касаватыя вочкi зацягнутыя нейкай жаўтаватай мутнасцю. О Божа, i гэтую жанчыну я мог любiць!

      Адкрыццё ўласнага асляплення агаломшыла, збянтэжыла, прыбiла. А Вольга спакойна расказвала пра тое, што ў яе быў мастыт, што хiрург жахлiва парэзаў ёй грудзi i што нарадзiць яшчэ адно дзiця яна ўжо нiколi не зможа. Маё ўяўленне намалявала Вользiны парэзаныя грудзi з жахлiвымi кiлоiднымi шнарамi. Нейкая нябачная сiла адштурхнула мяне ад Вольгi, я паспяшаўся развiтацца i сысцi.

      Я ж табе казаў, нiчога цiкавага ў маiм першым каханнi так i не адбылося. Нiхто не ўтапiўся i не парэзаў сабе вены.

Сочы. 14.IV.1992

      Артэк

      (іранiчная аповесць)

      Ахвярую артэкаўцы Вользе Сокал з горада Арла i Яўгену Вапу з Беласточчыны

      Ты пытаешся пра пiянерскi самы вялiкi ў свеце лагер Артэк? Калi ласка…

      Пуцёўку

Скачать книгу