Скачать книгу

на бок схіліўшыся пад ігрушынай і, як вандроўніца на старадаўняй ладзьдзі, рукой адкінуўшы сьвятло, сонца, углядалася ўдалечынь. Яна спазнавала бацькавы драндулет, усьміхалася і кідала нам свае рукі, вялікія далоні. Гэтыя рыдлёўкападобныя далоні бабулі так уражвалі мяне, бо яны так дзёрка адрозьніваліся ад далікатных рук маці. Толькі пазьней, пасталеўшы, я зразумеў, чаму ў яе былі такія далоні – звычайна вялікія вясковыя далоні, напрацаваныя, перацягалыя за жыцьцё невядома якія тонны зямлі, пяску, бульбы, яблыкаў. Далоні, у якіх хаваўся цэлы сьвет, зусім ня казачны сьвет… Кажуць, вочы – люстэрка чалавека, не, у беларусаў, у беларусак рукі – люстэрка чалавека…

      Калі машына спынялася ля хаты бабулі, я бачыў ейныя сьлёзы, сьлёзы радасьці, сьлёзы адзіноты, сьлёзы, якія казалі нам, што яна цешыцца нашаму прыезду. Але мы, прыбышы з места, ня плакалі, ані. Толькі стрымана стаялі, бы дурні, бы робаты, бы, схаладнелыя і зачараваныя чорнай княгіняй, героі казкі, якую маці чытала мне напярэдадні.

      Але вось, бабуля абцірала насоўкай сьлёзы радасьці і вяла нас у хату, у якой пахла аерам і яшчэ невядомымі мне тады зёлкамі. У пячы стаялі смачныя цацні{Цацэнь, мн. цацні (дыял.) – блінцы, ляпёхі.}, прыхаваныя рушніком, але яны так пахлі, што я ўжо ведаў, што там цацні.

      Бацькі гэтым разам не затрымліваліся ў бабулі – трэба было завезьці старэйшых сястру і брата ў лягер. Мяне пакуль пакідалі ў бабулі. Яна толькі міргала мне і дапамагала сабрацца толькі што прыбылым і ўжо ў новую дарогу сабралым родным. Хіба на хвілю я шкадаваў Віцебска, кніжных казак; паглядаў у вакно на чароўны, вялізны сад, дзе крываватыя, згарбелыя яблыні нагадвалі мне вядзьмарак, і ўжо ведаў, што хачу застацца з бабуляй. Зрэшты, пах цацнёў зьнішчаў усе засталыя сумненьні. Я міргаў у адказ бабульцы.

      Цікава, яна чамусьці з прыбышамі размаўляла на мове гораду. Я гадаў, чаму так? Што за хітрыкі? Ня інакш тут крыецца нейкае нешта. Ці яна проста практыкавала гарадзкую мову, мову сумнай прозы? Ці яна была за мудрую дыпляматку, якая ведала розныя мовы, а таму перайшла на мову, на якой да яе зьвярнуліся? Ці азначала гэта што-небудзь – можа кепскі настрой? І тады яна сумысьля пераходзіла на расейскую мову, каб пакрыўдзіць і стацца гіпэррэальнай, да суму і паўтору празаічнай? Процьма сур’ёзных думак і здагадак пілавалі мае дзяціныя глуздочкі.

      І вось пад амаль вартавой ігрушынай стаю цяпер я побач з бабуляй і мы адчайна махаем родным, якія едуць у лягер, у горад. Зьнікае аўта і мы сядаем на лаву, нібыта зразумець, што ж сталася з намі. Навокал нас хмызьняк, адцьвілыя месяц таму бэз і калакалуха. Адцьвілыя і вызваленыя ад цяжару і цяжкай місыі адцьвісьці і зачмуціць гіпэррэальны сьвет пахамі нягэтульнымі, да казкі запрашалымі, у вір невядомага і смачнага ўцяглымі. Любуюся і дзівуюся я загарэтымі рукамі і прыгожым тварам бабулі. Лічу кветкі на ейнай спадніцы, стамляюся, зьбіваюся, кідаю задуму. Яна, тым часам, распавядае мне пра свае пляны. І зусім ня казачныя яны, а такія простыя і рутынныя: ускапаць нешта трэба, сьвіньням

Скачать книгу