ТОП просматриваемых книг сайта:
Замак пабудаваны з крапівы. Зміцер Вішнеў
Читать онлайн.Название Замак пабудаваны з крапівы
Год выпуска 2010
isbn 978-985-6906-32-2
Автор произведения Зміцер Вішнеў
Жанр Современная зарубежная литература
Серия Другі фронт мастацтваў
Издательство Электронная книгарня
– Люблю я трупярні, – прызнаўся карлік. – Люблю Борхеса. Люблю смерць. Чытаю час ад часу кніжкі на гэты тэмат.
–Ну-ну, – сказаў я. – Давай, кат, працягвай лекцыю.
– У 1941 годзе ў будынку «Тахелеса» месціліся фашысцкія арганізацыі «Нямецкі працоўны фронт», «SS-Zentralbodenamt». Падчас вайны ў будынку праходзілі перапланіроўкі. У 1943 годзе на адным з паверхаў будынка былі размешчаныя французскія ваеннапалонныя. Зразумеў, вартаўнік трупярні?
– Прэч пайшоў! – закрычаў я.
– Ага, закранула, – захіхікаў карлік. – Не хвалюйся, потым у ГДР будынак належаў Свабодным нямецкім прафсаюзам… Затым будынак перайшоў ва ўладанне Нацыянальнага народнага войска, Дзяржаўнай артыстычнай школы і кінатэатра «Камера». Потым…
– Хопіць! – закрычаў я. – Перапыняю лекцыю караля Абярона!
Я падскочыў да карліка і пэндзлем намаляваў на ягоным ілбе чырвоны крыжык.
– Лячыць будзем! – сказаў я. – Будзем адпойваць нябожчыкаў жывой вадой!
30
Згадваю… Першая ноч у мастацкім доме «Tacheles» – гэта як першая ноч з каханай дзяўчынай. Разам са мной у майстэрні начавала і вышэйапісаная сямейная пара. Ехалі яны, як кажуць у нас, «дзікунамі». Гэта значыць, калі ў чужым горадзе начуеш дзе давядзецца. Такі студэнцкі вандроўны экстрым. Не, і не трэба пра шведскія адносіны. Папраўдзе – анічога не было. У сэнсе – сексу на траіх. Я спаў на стале ў непераадольнай адзіноце. Сямейная парачка – на матрацы, які раз-пораз скрыгатаў спружынамі, нібыта зграя крумкачоў. Мне было на стале сумна і нязручна. Ногі не змяшчаліся і тырчалі, як дзве антэны (ці два рычагі таемнага механізма, націснуўшы на якія, можна было пабачыць лялечны тэатр). На матрацы тым часам таксама было, як кажуць у народзе, «не фантан». Стопяцідзесяцікілаграмоваму Максу Фаршу было цесна… Для аднаго такога гіганта трэба было некалькі канапаў… а тут матрац на дваіх. Але што паробіш?.. Мне было відавочна горай… Спаў я кепска, бо ўсю ноч жонка Фарша скуголіла (вось адкуль пілы бяруцца!..) пра сваё «няшчаснае жыццё», пра «склеп для бамжоў» і «я тут начаваць не буду». Зрэшты, яшчэ б трошкі – і Фарш, пэўна, прыдушыў бы сваю пасію. Але сон волата ўзяў верх, і Фарш пераможна захроп. Было млосна… Здавалася, што сплю ў паравозным дэпо.
(На сёмы дзень знаходжання ў «Тахелесе» – губляешся. У прамым і пераносным сэнсе. Выпітае віно падштурхоўвае хіба што да чарговага знаёмства з прыемнай турысткай.
У майстэрні пахне алеем, газаю і дохлай курыцай. Тры мастакі, што ляжаць на сумных матрацах, – увасабленне Зямлі на трох мёртвых кітах. Яскравае сведчанне пра ўчарашняе актыўнае злоўжыванне алкаголем.
– Я з панядзелка пераходжу на голад, – кажу я. – Па Полю Брэгу.
– Ага, – адказвае Ібрагім. – Пачынай цяпер…
У гэтым сарказме я чую і трэск піўных бурбалак, і грукат вінных кубкаў, сонцам перакочваюцца перад вачыма дыскі вяндліны… Не, напэўна, ідэя з голадам застанецца няспраўджаным стратэгічным мастацкім планам.)
31
А потым я задумаўся… Нашто я здзекуюся