ТОП просматриваемых книг сайта:
Замак пабудаваны з крапівы. Зміцер Вішнеў
Читать онлайн.Название Замак пабудаваны з крапівы
Год выпуска 2010
isbn 978-985-6906-32-2
Автор произведения Зміцер Вішнеў
Жанр Современная зарубежная литература
Серия Другі фронт мастацтваў
Издательство Электронная книгарня
2
Прамень святла нагадваў кракадзіла. Хацелася ўзяць бізун і моцна стукнуць зялёнага гада, каб ён схаваўся. «Ва ўсім вінаватыя фіранкі!» – думаў ты.
На патэльні ў алеі, цыкорыі і перцы шкварчэлі цельцы конікаў. «Вух, накармлю выпадковага наведніка! – думаў ты. – Давайце-давайце! Тэлефануйце! Забягайце! Наведвайце! Я ўжо ў нецярплівасці чакаю ахвяру!» З садысцкім адчуваннем ты смакаваў нямую сцэну. Ты ўяўляў перакручаны твар выпадковага сябра, калі ён пабачыць перад сабой талерку з экзатычнай стравай…
На канапе, нібы кот, ляжаў жоўты карлік. Ён спаў і ціха пахрапваў.
«Цікава, – падумаў ты. – Непатрэбных кацянятаў і шчанюкоў часам топяць. А калі назбіраць поўны кош карлікаў і таксама паспрабаваць здзейсніць акт забойства? Пэўна, карлікі таксама пішчаць, як кацяняты, калі іх топяць?»
3
– І што за брыдоцце ты пішаш? – раптам сказала суседская замарожаная бабулька, – Я разумею – карлікі. Дык навошта іх тапіць? Зусім збрэндзіў? Ці блёкату наеўся? Дзе ты бачыў цэлы кош карлікаў? Кацянятаў яшчэ ладна…
– І што ты прапаноўваеш? Дадаць мускатнага арэху? – разгубіўся я.
– Давай традыцыйна. Згадай гісторыю беларускай савецкай літаратуры! Згадай лепшыя прыклады паслядоўнікаў сацрэалізму!.. Давай без выпяндрожу і выкрунтасаў! Каб рэдактару працы было меней! Ён жа замучыцца скарачаць твой твор. Гэта ж трэба браць нажніцы і рэзаць! Не дай божа потым гэта перакладаць на іншую мову! Спачатку застрэліцца перакладчык, потым – выдавец, а за ім – выпадковы чытач! Ды і айчынным выдаўцам і чытачам не пазайздросціш!
– Ну, добра, – пагадзіўся я. – Паспрабую. Але не абяцаю, што атрымаецца. Ты ж ведаеш – я даўно не практыкаваўся. Гэта ж трэба фабулу прыдумваць. Э. Эх… Традыцыйна… Традыцыйна я таксама даўно не спрабаваў.
Я пачухаў галаву. Паглядзеў на столь. Зірнуў у кут на адзінокага павука. Падміргнуў яму. І працягнуў…
4
Аднойчы, у аўторак, калі я гатаваў у духоўцы курыцу… яна ператваралася ўжо ў смажанага самурая, які зрабіў сабе харакіры (залаціўся, серабрыўся, хрумсцеў)… у дзверы пазванілі. Я здзівіўся. Зазвычай без папярэдняга тэлефанавання да мяне не ходзяць. Хіба што суседзі па запалкі ці соль, альбо Мар’я Сяргееўна з суседняга пад’езда можа прыйсці пачаставаць блінцамі ці грушкамі… Але гэта рэдкасць.
Я адчыніў – на парозе стаяў мой даўні сябра Пётра Парабэлум. Стаяў – усміхаўся. Расплываўся дабрынёй. Прыклейваў свае ўсмешкі да майго агаломшанага лба. Мы даўно не бачыліся – гадоў пяць. Таму гэты візіт быў прыемнай нечаканасцю. Я нават спачатку, як кажуць у народзе, скамянеў. Быццам не сябра пабачыў, быццам замест дзвярэй расчыніў вялізны партабак, а там – чорны кот.
– Хуткую дапамогу выклікалі? – запытаўся мой сябра.
Пытанне сябры прымусіла мяне разламаць каменную глыбу: [затрашчалі шэрыя крыгі… расколіны пабеглі… чорныя абцасы расціралі парцалянавы посуд… крышыўся мармуровы грот… сонца быццам медны блін… удар курхам… пяць пальцаў робяць гравіроўку… адбітак у азбеставым часе… цела быццам п’яўка прапаўзае ў тунэль]
– Так, – сказаў я. – Мясцовы самурай зрабіў харакіры.
Пётра яшчэ шырэй усміхнуўся – нібы рэкламаваў зубную пасту… магчыма, «Colgate». Выпрастаў, як гімнаст, наперад руку і прадэманстраваў зялёную пузатую бутэльку.
– Во! Бомба! Партвейн! Тры сямёркі.
О майн гот! Тры сямёркі! З гэтымі лічбамі было звязана шмат. З імі не паспрачаешся. Мне адразу прымроіўся нябожчык-дзед. Ягоная маска ў зморшчынах. Яго згорбленая фігура і змоўніцкі шэпт: «Тры сямёркі, тры сямёркі». Дзед любіў гэты напой. І хаця дзеду было ўжо тады і нельга… бабулька часам дазваляла яму ў ягоныя дзевяноста тры кульнуць адзін-другі кілішак чырвонага чарадзейства. Пасля чаго бегла па вядро і падстаўляла яго пад дзеда, у якога было нетрыманне мачы. І вось гэтыя таямнічыя: «777».
На Пётры быў чорны гарнітур (так-так – было тут штосьці ад пінгвіна). Праўда, быў ён відавочна не прасаваны, ды і шэрая кашуля выдавала пэўную неахайнасць у стаўленні гаспадара да вопраткі. Мы прайшлі ў пакой, дзе заўсёды белыя ночы – такі надзвычайны паўзмрок… Я люблю паўзмрок. Таму, напэўна, карціны і апавяданні пішу змрочныя. Без свечак і лямпачак – адны цені і чорныя вобразы. Ды часам тут цюлені праплываюць. У цэнтры пакоя свяціўся рыбкамі, нібыта манетамі ці светлякамі, круглы акварыум