ТОП просматриваемых книг сайта:
Мільярд удараў (зборнік). Юры Станкевіч
Читать онлайн.Название Мільярд удараў (зборнік)
Год выпуска 2008
isbn 978-985-6800-81-1
Автор произведения Юры Станкевіч
Жанр Драматургия
Издательство Электронная книгарня
Між тым прыкметы заняпаду і галечы ўсё часцей траплялі ім на вочы. Некалькі нямоглых старых сядзелі на лаўках ля сваіх брамак, панура праводзячы іх вачыма. Тут больш было белых, і нешматлікія дзеці, а нараджальнасць сярод тутэйшых, як ён ведаў, амаль што перапынілася, зацята пазіралі на прышэльцаў. Усё гэта моўчкі, і Слядак міжволі адчуў вусціш. Там-сям ён прыкмеціў пад нагамі выкарыстаныя трубачкі шпрыцаў. Групка п'яных мужчын і жанчын рознага колеру скуры насцярожана сцішылася пры іх набліжэнні.
«Вы тут быццам ва аўтарытэце», – сумна пажартаваў Слядак, звяртаючыся да Шэрыфа.
Той, пэўна, гумару не зразумеў, бо ў адказ паляпаў па кабуры, з якой паблісквала металам дзяржанне пісталета, і грубавата сказаў: «Права на зброю. Тут паважаюць толькі яе і сілу, а калі раптам заўважаць за табой якую слабіну, то адразу цябе ж і на конус. Ха-ха…»
«Так», – згадзіўся з шэрыфавай банальнасцю Слядак. На самай справе, як ён ведаў, бо штодня сачыў за аператыўнай інфармацыяй, становішча было яшчэ больш складанае. Самымі небяспечнымі ўзброенымі бандамі былі не тыя, якія падламвалі крамы, каб спехам нахапаць там гарэлкі, кансерваў і дэфіцытнай электронікі, а наркаманы, што не маглі прабіцца да дылераў, бязлітасна паменшала ў сувязі з разбурэннем многіх хімічных прадпрыемстваў і выраджэннем натуральных месцаў вырошчвання опіумных культур. Магчыма, нават верагодна, звязаў ён у думках, і Ларыён быў адным з такіх дылераў. Цяпер жа большая частка наркатычнай плыні, якая так расквітнела дзесяцігоддзі назад – у час так званай першай сексуальнай рэвалюцыі і славутай еўрапейскай дэмакратыі, якая пакутавала ад самаедства, – аказалася амаль абязводжанай. Дылераў меншала. Наркаманы збіваліся ў групоўкі, узбройваліся і нападалі на бальніцы, аптэкі, склады хімпрэпаратаў, шпіталі, а калі ім не ўдавалася набыць тое, што іх цікавіла, упадалі ў агрэсіўную дэпрэсію і станавіліся неадекватным!.
Іх бандфармаванні тым не менш схематычна напаміналі армейскія падраздзяленні: брыгада (пяць— дзесяць баевікоў), звяно (ад дзвюх да пяці брыгад), група (два ці пяць звенняў), супольнасць (некалькі груп). Многія чальцы бандаў, наадварот, самі не ўжывалі наркотыкаў, але, здабыўшы іх, паспяхова гандлявалі ці здавалі ўсё адразу аптавікам.
Яны прайшлі яшчэ колькі шляху, прамінулі разбураную царкву, напаўгнілыя аднапавярховыя і двухпавярховыя будынкі, ля ўвахода ў адзін з іх ляжала напаўаголеная ці то п'яная, ці то пад уздзеяннем наркотыкаў жанчына, ад якой шаснулі ўбок нейкія цені, – Шэрыф толькі плюнуў – і ўрэшце апынуліся перад даволі высокай агароджай з радам іржавага калючага дроту паверх яе. За агароджай былі відаць бляшаны дах, вокны, спавітыя раслінамі, і верхаліна пладовага дрэва.
Шэрыф спыніўся.
«Мы прыйшлі, – сказаў ён. – Мяркую, ён дома, бо рэдка калі адлучаецца».
«Дамасед?»