ТОП просматриваемых книг сайта:
Хвілінка. Тры гісторыі. Ігар Бабкоў
Читать онлайн.Название Хвілінка. Тры гісторыі
Год выпуска 2013
isbn 978-985-562-097-7
Автор произведения Ігар Бабкоў
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство Электронная книгарня
Я зайшоў у піцэрыю пад’есці. Звычайна я абмінаў такія ўстановы харчавання, але тут скончыў усе справы адразу пасля абеду, планаў на вечар яшчэ не было, і я падумаў: чаму б і не? Народу было надзіва многа, нягледзячы на тое, што абед скончыўся, усе стойкі ў піцэрыі былі занятыя. У пошуках вольных месцаў я ішоў усё далей і далей. Дайшоў да самага канца, стаў у невялічкую чаргу – два ці тры чалавекі – і тут раптам зразумеў, што ўсё змянілася. Я агледзеўся.
Пахла да ачмурэння кавай, а людзі, што стаялі за столікамі, паводзілі сябе па-іншаму. Альбо нават былі іншымі.
Яны відавочна нікуды не спяшаліся. Яны стаялі за стойкамі і пілі каву. Стаялі моўчкі альбо размаўлялі міжсобку. Часам спрачаліся, альбо запісвалі штосьці ў нататніках. Некаторыя нават чыталі кнігі, седзячы на шырокім падвоканні.
Яны рабілі самыя звычайныя рэчы. Але рабілі ўсё гэта так, як быццам у гэтым быў нейкі важны сэнс. Як быццам толькі тут, за кубачкам кавы, можна было бачыць рэчы па-сапраўднаму.
Дзіўная кавярня, падумаў я тады.
Але паверыў у яе не адразу.
Я ўжо другі год блукаў па Менску ў пошуках месца, дзе можна было б затрымацца, дзе было б не так балюча жыць. Я праплываў праз горад, як здань, мяняў інтэрнаты і пакойчыкі, у некаторых я заставаўся даўжэй, з іншых з’язджаў праз пару месяцаў.
Я тады пачынаў пісаць, уласна нават і не пісаць, а толькі прымервацца, прыглядацца да іншых жыццяў, шукаючы ў іх штосьці, дзеля чаго варта было б марнаваць паперу, падвойваць рэальнасць…
І тут гэтая кавярня.
Я пачаў сюды прыходзіць.
І ўжо праз некаторы час пазнаваў большасць сталых наведвальнікаў, замаўляў падвойную, калі ласка, а часам і дзве падвойныя.
Мае схільнасці да падглядання чужых жыццяў разгарнуліся тут напоўніцу: я шмат што зразумеў і шмат чаму навучыўся, проста прыслухоўваючыся да размоваў за суседнімі стойкамі.
Некаторыя размоўцы надараліся толькі аднойчы, іншыя прыходзілі сюды рэгулярна, і я меў дыскусіі з працягам. Звычайна я браў з сабой сшытак і ўладкоўваўся дзе-небудзь у куце на падвоканні. Але выцягваў яго не заўсёды.
Кампаніі былі самымі рознымі. У некаторых гаварылі пра Мастацтва. У іншых, больш сцішана – пра Айчыну, якая ў заняпадзе, і Мову, якую трэба адрадзіць. Яшчэ побач – пра чалавечае жыццё і пра мудрасць.
Гэтыя размовы здараліся выпадкова, і не заўсёды, у рытме самога жыцця, якое нічога не любіць рабіць па плане. Але ўсё ж такі здараліся.
Часам яны адбываліся за суседняй стойкай, і тады прыходзілася цягнуць шыю, прыслухоўвацца і прыглядацца. Іншым разам я патрапляў у эпіцэнтр, і тады ледзьве стрымліваў сябе, каб самому не стаць іх удзельнікам.
Апрача гэтага, тут усё было як звычайна: заходзілі маўклівыя мужчыны пад сорак і кампаніі нявыхаваных падлеткаў, прыходзілі старыя піякі, каб вызначыцца на трох, і далікатныя, паслухмяныя дзяўчаты, што бралі кубачак гарбаты