ТОП просматриваемых книг сайта:
Дзіцячы маніфест (зборнік). Кiрыл Стаселька
Читать онлайн.Название Дзіцячы маніфест (зборнік)
Год выпуска 2015
isbn 978-985-7140-08-4
Автор произведения Кiрыл Стаселька
Жанр Современная зарубежная литература
Серия Час Воблы
Издательство Электронная книгарня
Мы займаемся распрацоўкай і апрабацыяй новых метадаў лячэння, якія адпавядаюць канкрэтным выпадкам. Аднак базавы, я б сказаў, «вузлавы» элемент нашага метаду адлюстроўвае сама назва клінікі – «Amicus». У працэсе лячэння адна з галоўных задач заключаецца ў тым, каб пацыент не адчуваў сябе пацыентам. Ён мусіць забыцца, што мы хочам яго вылечыць ад нейкай хваробы. Кожны чалавек уяўляе сабой закрытую псіхафізічную сістэму. Спроба ў яе ўварвацца прыводзіць да свядомага або падсвядомага супраціву і адрыньвання, таму класічныя сістэмы лячэння застаюцца малаэфектыўнымі. Мы ж спрабуем аказваць уздзеянне нівелюючы, робячы незаўважным самое ўварванне, ствараючы для пацыента камфортную абстаноўку, характэрную для штодзённасці яго папярэдняга жыцця.
Перш чым пачынаць лячэнне, варта наладзіць блізкі кантакт з пацыентам. Ён мусіць адкрыцца вам, лічыць вас сябрам. Але калі быць надта настойлівым, патрабавальным, эфект атрымаецца процілеглы, і пацыент яшчэ больш заглыбіцца ў сябе, адгародзіцца ад свету. Для гэтага патрэбна самому адкрыцца, першым пайсці насустрач. Спачатку гэта будзе нялёгка, але ў далейшым паміж вамі павінен існаваць поўны давер, калі вы абсалютна ўсё даведаецеся адзін пра аднаго. Менавіта на гэтым этапе адносін стане магчымым выяўленне прычыны захворвання, а затым – непасрэдны працэс лячэння: неназойлівага, непрыкметнага ўплыву.
Усе нашы пацыенты – адзінокія людзі. Іх псіхічныя захворванні шмат у чым сталіся вынікам глыбокай ды працяглай адзіноты. Таму сяброўства паміж вамі і пацыентам не толькі спрыяе дасягненню пастаўленых задач, але мае значны тэрапеўтычны эфект. У сувязі са спецыфікай нашага метаду, як правіла, у аднаго доктара – адзін пацыент. Толькі я і доктар Базалья Франка назіраем некалькі чалавек. У асноўным гэта самыя складаныя выпадкі. Ва ўсякім разе, не палохайцеся і не хвалюйцеся, мы будзем вам усяляк дапамагаць. Калі ўзнікнуць якія цяжкасці або пытанні, смела звяртайцеся. Думаю, цяпер вы разумееце, чаму мы ходзім у звычайнай вопратцы, а клініка выглядае як жылы дом.
Сёння дам вам азнаёміцца з копіяй справы вашага пацыента Жыля Арто. Калі ўсё больш-менш зразумела і няма пярэчанняў, то ўжо заўтра пазнаёмлю вас з ім, і можаце пачынаць. Альгерд Францавіч казаў, што вы валодаеце французскай. Які ў вас узровень гутарковай?
– Так, я вывучаў французскую, таксама меў моўную практыку, калі стажыраваўся ў Ліёне. Дапускаю часам памылкі пры напісанні тэкстаў, але гутарковая досыць ніштаватая.
– Выдатна! Арто трохі ведае польскую, але не вельмі добра. Таму лепш размаўляць з ім на роднай мове. Дарэчы, гэта будзе карысным у вашых узаемасувязях.
– Добра, канечне.
– Андрэй, вы крыху агледзелі наваколле. Але каб адаптавацца і лепш арыентавацца, я папрасіў аднаго з нашых калег, Тадэвуша Бой-Жаленскага, правесці вам імправізаваную экскурсію.