ТОП просматриваемых книг сайта:
Дзіцячы маніфест (зборнік). Кiрыл Стаселька
Читать онлайн.Название Дзіцячы маніфест (зборнік)
Год выпуска 2015
isbn 978-985-7140-08-4
Автор произведения Кiрыл Стаселька
Жанр Современная зарубежная литература
Серия Час Воблы
Издательство Электронная книгарня
Аднак апошнім часам гэта не дапамагала. Прайшло крыху менш за месяц, а ён не напісаў і чвэрці ад задуманага. Падоўгу сядзеў над адной старонкай, выціскаючы па сказе для сваёй новай кнігі. Жыль ведаў, што праблема не ў рамане: задума была добрая. Проста яго раздзіралі сумненні, ці варта ўвогуле пісаць. Што ад гэтага зменіцца? Напіша ён яшчэ адзін раман ці дзесяць, але дзеля чаго? Магчыма, атрымае добры ганарар. І што? Магчыма, кніга зацікавіць многіх чытачоў, стане вельмі папулярнай. І што? Што далей? Жыля хвалявала, што пройдзе, напрыклад, гадоў дзесяць – і напісаў ён цяпер раман ці не – ужо не будзе мець аніякага значэння. Нават спадзявацца стаць найвялікшым пісьменнікам не мае сэнсу, не таму, што гэта нязбытная мара, але таму, што такіх сотні і тысячы: Дантэ, Дзюма, Дыкенс, Дастаеўскі і многія, многія іншыя. Чым горш быць такім самым, адным з сотняў і тысяч, напрыклад, інжынерам або доктарам?
Так праходзілі ўсе ўчора, сёння і заўтра. Раніцай яму не давалі працаваць меланхалічныя думкі і ўвесь дзень праходзіў марна, а ўвечары зноў узнікала жаданне паспець як мага болей, выкарыстоўваць кожную хвіліну. Ён планаваў наступнае сваё заўтра, але сёння зноў станавілася такім самым, як учора. Зрэдку ён наведваў галерэі і музеі, сустракаўся выпіць з некаторымі прыяцелямі. Але гэта, хоць і здаралася не вельмі часта, было як і ў мінулыя разы. Можа здацца дзіўным, але Жылю больш падабалася выпіваць аднаму. Толькі ў такіх выпадках ён клаўся позна ўночы, а падымаўся бліжэй да дванаццаці дня. Часам ён купляў бутэльку віна, бывала, больш, і, паралельна чытаючы ці слухаючы музыку, даходзіў да прыемнага стану, калі ўзнікала мноства ідэй і планаў. У адной руцэ ў яго была бутэлька, у другой цыгарэта, іх ён па чарзе падносіў да рота.
Падчас аднаго з такіх вечароў ён раптам усвядоміў, што існуе мноства месцаў, дзе ён ніколі не быў і шмат цікавых рэчаў, якіх ён ніколі не рабіў. У яго здарылася нешта накшталт азарэння. Ён не будзе ставіць перад сабой нейкіх маштабных, але па сутнасці бессэнсоўных, мэтаў: стаць вялікім пісьменнікам, разбагацець, дасягнуць улады, несці свету добрае або жудаснае. Усё гэта поўнае глупства. Ён хоча стаць звычайным геданістам, які атрымлівае задавальненне ад новых адчуванняў, новага досведу (ад новых ліній сюжэту ўласнага жыцця). Гэта так элементарна, але Жыль не задумваўся пра гэта раней. У яго з’явіўся стымул, жаданне. Ён будзе пісаць, але цяпер дзеля магчымасці ажыццяўляць задуманае гэтай ноччу.
Нягледзячы на выпітае, прачнуўся ён а пятай раніцы. Як заўсёды, паснедаў бутэрбродам і гарбатай. Затым сеў за чытанне ў сваё любімае крэсла. Бліжэй да дзевяці Жыль адправіўся на Сэн-Жэрмэн у Кафэ дэ Флор.