Скачать книгу

засмяяліся.

      – I піўцом князь пачастуе, і слаўцом.

      – А ці ведаеш, кажа князь, – працягваў старэйшы, – што над табой немцы ўчынілі б? Галавой – у лазьбень з мёдам, і пі, пакуль душа не адляціць.

      Богуш на крок адступіў, але слухаць стаў яшчэ ўважней.

      – Ага, – згадзіўся малодшы. – Чалавек з леціголы баяў. Рытары[4] ў іх борці адабралі, а пчаляроў у мёдзе патапілі.

      Неспадзеўкі на торжышчы ўсчаўся крык. Усе, хто мог, рынулі да ракі. Прылаўкі ўмомант апусцелі, каля свайго тавару засталіся адно ганчар з бондарам.

      На беразе вірыўся вялікі збой гараджанаў. Тут былі і купцы, і рукамеслыя людзі ў магерках, і манахі ў даўгіх чорных рызах. Наперадзе тырчалі чырвоныя баярскія шапкі з сабалінаю ірхой. Богуш, націскаючы плячом, прабраўся наперад.

      Пры самай вадзе ляжалі двое мужчын з туга скручанымі скуранымі паскамі рукамі і нагамі: адзін – таўсматы і вірлавокі, другі – драбнаваты і вастраносы, з ускудлачанай галавой. Апранахі на абодвух былі разадраныя і прыпаленыя.

      Поруч з Богушам апынуўся той самы дзед, што прадаваў ляшча, – прыклыпаў са сваім вядром, з якога вытыркаў рыбін хвост.

      – Што за людзі? – напаўголаса запытаўся аршанскі майстра.

      Сусед аказаўся гаваркі.

      – Нямчыны-выведнікі, у нядзелю злоўленыя. Таўсты на Ганчарным канцы ў студню зелле сыпаў. Хацелі яго з той студні напаіць, дык так зубы сцяў, што мячом не расціснеш. Тады сабачку валачашчаму тае вады далі. Сабачка і пажыў, як Дзвіну на чоўне пераплысці. А гэтага, – кіўнуў дзед на ўскудлачанага, – Няжыла з Запалоцкага пасада злавіў. На пастой да Няжылы папрасіўся, а ў сне па-свойму гергетаць пачаў. Пад жаркім жалезам абое прызналіся.

      Богуш упіўся вачыма ў звязаных выведнікаў.

      – А кажуць жа, у князя Валодшы вечны мір з Рыгай, – зноў загаварыў ён да дзеда.

      – Мір, – пацвердзіў той. – Купцоў нямецкіх князь у крыўду не дае. Дружына іхні тавар вартуе. А выведнікаў наказана не літаваць.

      – Пасаднік! Пасаднік!.. – пранеслася па натоўпе, і людзі расступіліся, даючы дарогу чатыром цівунам і пасадніку ў вавёркавым футры.

      Вастраносы кудлач, што дагэтуль ляжаў ціха, перакаціўся са спіны на бок, тварам да натоўпу, і тонкім пакутным голасам закрычаў:

      – Людзюхны, ратуйце! Не нямчын я, людзюхны! Пятром мяне завуць. I бацька быў Пятро. Купец я з Друцка. Адстаў ад сваіх, хацеў на Вялікдзень у святую Сафію схадзіць. Жонцы і дзеткам хацеў пасвячонае ў Полацку яечка прывезці. Апаіў мяне Няжыла! Грошы забраў, а мяне нямчынам абвясціў!

      Збой прыслухаўся і пацішэў.

      – Пятро я. Хрыстом-Богам прашу, не губіце бязвінную душу! – маліў вастраносы.

      Богуш глядзеў на яго, і на твары ў аршанскага лучніка не было шкадобы.

      Але знайшліся ў грамадзе і жаласныя сэрцы.

      – Можа, і праўда Пятро ён? – прамовіў нехта.

      – На агнёвым роспыце прызнаў сябе нямчынам! – гучна сказаў да людзей пасаднік.

      – Грэшны, не сцярпеў пакуты, – зноў падаў голас

Скачать книгу


<p>4</p>

Рыцары.