ТОП просматриваемых книг сайта:
Сланы Ганібала (зборнік). Уладзімір Арлоў
Читать онлайн.Название Сланы Ганібала (зборнік)
Год выпуска 2005
isbn 978-985-6701-79-1
Автор произведения Уладзімір Арлоў
Издательство Электронная книгарня
У электрычцы, што вязе мяне ў Юрмалу, да мора, я разгортваю сьвежы нумар газэты «Советская молодежь». Зрэшты, так газэта звалася раней. Цяпер гэтае заслужанае выданьне выходзіць пад таямнічай назваю «СМ – сегодня». Што такое СМ – здагадвайцеся самі. «Современная молодежь? Совковая? Суверенная? Счастливая?» А ня выключана, што і «М» – гэта зусім не «молодежь». «Макулатура? Макуха? Малина?..» Што б там ні было, два тузіны бутлікаў дэзадаранту для цела «Лунная ночь», што стаяць каля ліфта ў Вячкавым пад’езьдзе на Брывібас, выжлукціла відавочна СМ.
На першай старонцы эксклюзіўнае інтэрвію з намесьнікам камандзіра былога рыскага ОМОНу. «Год пребывания в следственном изоляторе мало изменил его внешне, – з замілаваным дамскім прыдыханьнем паведамляе газэта, – разве что прибавили взрослости усы. В свои 32 года он по-прежнему любит покушать, но теперь вынужден еще глотать таблетки: развившийся здесь ситуационный невроз и заметно усилившийся логоневроз (заикание) – симптомы условий жизни, изменившихся не по его воле». Значыцца, жыў-быў сабе сьціплы расейскі хлопчык, «кушал», хадзіў у бібліятэку чытаць кніжкі і раптам – ні з пушчы, ні з поля – «изменились условия жизни».
Прафэсійна акцэнтаваны здымак: бамбіза ў профіль з кветачкай у руцэ, на заднім пляне – крбты і ахоўнік. «Я просто хочу дать им шанс», – пачынае інтэрвію гаротны намесьнік камандзіра. Дыяпазон шанцаў, што даюць хлопцы з такімі патыліцамі, настолькі вузкі, што чытаць далей нецікава.
Станцыя Прыедайнэ. Тут жыве мастак Валера Дэвіскіба. «Дэ» пішацца разам, бо Валеры ніякі не віконт і ўвогуле не француз, а беларус, якога маці нарадзіла ў фашыстоўскім канцлягеры і які потым падаўся зь Беларусі шукаць шчасьця ў Эўропу – у Латвію. Праўда, Бацькаўшчына не адпускала, і Валера то маляваў Скарыну, то ехаў з паходным мальбэртам на родную Гомельшчыну, дзе быў затрыманы міліцыяй у прыстанцыйнай прыбіральні, калі мыў запэцканыя фарбамі рукі: нейкі пільны наведнік паведаміў, што забойца змывае кроў.
Аднойчы Валера стварыў мой партрэт. Гэта здарылася ў чарнобыльскім 1986 годзе, калі я прыехаў на ўзмор’е ў пісьменьніцкі Дом творчасьці «Дубулты».
За сьценамі нашага флігелю шумела мора і – кантрапунктам – прыбярэжныя хвоі. У бары можна было ўбачыць нездаровы азызлы твар рэдактара «Литгазеты» і аднаго з фурманаў яшчэ нерастрэсенага возу СП СССР Аляксандра Чакоўскага зь нязьменнаю люлькаю ў зубах. Па беразе, дыхаючы марскім паветрам, ад відна да відна шнуравалі натоўпы адпачывальнікаў; сярод іх быў мой сусед па сталоўцы маскоўскі быццам бы літаратар, што паўсюль цягаў з сабою яшчэ рэдкі тады мініятурны «Panasonic» і колькі разоў напужаў субратоў па пяры, пракруціўшы іхнія выказваньні наконт «Софьи Власьевны», як дзеля кансьпірацыі яны называлі савецкую ўладу. Уладар «Panasonic»’а пазнаёміўся з пагляднай гамяльчанкаю ды канфідэнцыйна пацікавіўся ў мяне, ці перадаецца радыяцыя палавым шляхам. Я, вядома, запэўніў