Скачать книгу

знаёмы мастак, і мы зь ім глынем кавы, а потым ён натхніцца й што-небудзь намалюе ў «Нашай Ніве», і гэта разам з маёй пісанінаю выкліча ў часткі чытачоў новую порцыю здаровага абурэньня.

      А таму, як звычайна кажуць у Нью-Ёрку, гуд бай!

      Або, як звычайна кажуць у нас у Серабранцы, у Менску, у незалежнай Рэспубліцы Беларусі, до свидания!

Люты, 1992

      Рэквіем па нясьвіскім сале

      Адам Міцкевіч страшэнна (яшчэ больш, чым Гётэ – сабакаў і часныку) не любіў гарадоў, не пазначаных на мапах.

      Гораду, куды ты едзеш, нялюбасьць аўтара «Дзядоў» ніколі не пагражала.

      Гэты горад – Кракаў.

      Калісьці за кухлем кракаўскага піва адзін твой знаёмы выпускнік тамтэйшага ўнівэрсытэту разважаў пра тое, што «понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя…»

      Цяпер у Кракаве жыве твой знаёмы рэжысэр Кшыштаф, які паставіў у вас у Менску спэктакль пра вар’ята й манашку, і калі захопленая публіка запатрабавала яго на сцэну, выйшаў басанож, бо ніколі не дазваляў сабе зьневажаць сцэну чаравікамі.

      Яшчэ ў Кракаве жыве беларускі гісторык Алег, які знайшоў там магілу Алеся Гаруна.

      Табе здаецца, што ў Кракаве ўсе людзі такія, як Алег і Кшыштаф. Але тры пляшкі нашай новай сувэрэннай гарэлкі «Белая Русь» (адна законная й дзьве кантрабандныя), што ляжаць у цябе ў валізе, ты вып’еш не са сваімі знаёмымі.

      Ты зусім ня будзеш іх піць.

      Ты ня будзеш піць «Белую Русь», бо ў Кракаве ёсьць Марыяцкі касьцёл. Некалі татарская страла зрэзала зь ягонае вежы дазорцу, што затрубіў, папярэджваючы места аб варожым нападзе. На памятку пра гэта на вежы штогадзіны граюць трубачы-гейналістыя.

      Упершыню за 600 гадоў яны маўчалі тае начы, калі на вежу залез беларускі пісьменьнік Уладзімер Караткевіч.

      Ты спадзяесься, што сярод гейналістых і сёньня няма непітушчых. Гэтым разам пад акампанэмэнт храпу гейналістых начны Кракаў (з тае прычыны, што гімну ў Рэспублікі Беларусі дасюль няма) пачуе, як «Саўка ды Грышка ладзілі дуду».

      Магчыма, гэта здарыцца ўжо заўтра.

      А пакуль ваш аўтобус пад’яжджае да памежнага берасьцейскага пераходу за Варшаўскім мостам. У вас у кішэнях ляжаць запрашэньні на сэмінар па гісторыі Рэчы Паспалітай, факсы й камандзіровачныя пасьведчаньні…

      Гейналістым ужо, напэўна, сьніцца Беларусь… Аўтобус закалыхвае, і вакол цябе таксама тчэцца вопрадзень сьненьня. Ад думак пра сярэднявечнага трубача ў сон лезуць раскосыя твары, якія чамусьці просяць даляраў…

      Таргануўшыся, аўтобус спыняецца, і ты адплюшчваеш вочы. За вакном гараць у цемрыве вогнішчы, нешта булькоча ў задымленых саганах, бегаюць па смуглявых абліччах агнёвыя водсьветы. На мяжы явы і сьненьня табе здаецца, што ты глядзіш сон далей, што гэта ідуць на Кракаў праз Варшаўскі мост мангола-татарскія захопнікі.

      Праўда, немаведама чаму татары гамоняць па-расейску і нецьвярозымі галасамі пяюць задушэўныя расейскія песьні. Прыемнае каляратурнае сапрана каля суседняга вогнішча выводзіць:

      А вот намедни на крючок поймал русалку.

      Я

Скачать книгу