ТОП просматриваемых книг сайта:
Ордэн Белай Мышы (зборнік). Уладзімір Арлоў
Читать онлайн.Название Ордэн Белай Мышы (зборнік)
Год выпуска 2013
isbn 978-985-562-031-1
Автор произведения Уладзімір Арлоў
Жанр Современная зарубежная литература
Серия Я кнігу маю
Издательство Электронная книгарня
– Не, ваша вялікасць, не падарую, – адказаў пісьменнік, з асалодаю дапіваючы келіх бардоскага.
– Чаму? – непарушна папытаўся кароль і даў пахолку знак напоўніць пісьменніку келіх.
– Мае кнігі ўжо шмат гадоў не выходзілі, – азваўся пісьменнік, узняўшы келіх і па чарзе глянуўшы на манарха і жанчыну.
На языку ў караля напэўна круцілася пытанне, з якога часу пісьменнікавы рукапісы больш не ператвараюцца ў кнігі, але яго вялікасць быў надзелены дзяржаўнай мудрасцю, і таму ягоны суразмоўца пачуў іншыя словы.
– Але ты ўсё адно застаешся пісьменнікам.
– Магчыма, – сказаў пісьменнік. – Бо я па-ранейшаму пішу. Пішу ў стол…
– Тым больш, – задаволена падхапіў кароль. – Так і павінен жыць сапраўдны пісьменнік. Як казалі рымляне: Habent sua, fata lіbellі. І кнігі маюць свой лёс. Я рады, што не памыліўся і хачу падпісаць указ пра ўзнагароджанне цябе Ордэнам Белай Мышы.
Апошнія словы кароль прамовіў урачыстым тонам і ўзняў келіх, чакаючы, што пісьменнік зробіць тое самае. Але той чамусьці марудзіў.
– Хачу табе канфідэнцыйна прызнацца, – панізіў голас кароль, – што твае зласліўцы не драмалі. Падсунулі мне, разумееш, спіс насельніцтва, знайшлі фармальную падставу…
– Я хацеў бы ведаць якую, – цэдзячы віно, таксама прыцішана пацікавіўся пісьменнік. – Калі гэта, вядома, не таямніца.
– Якая таямніца! У спісе насельніцтва ў нас нібыта няма ніводнага чытача.
– Важкі аргумент, – прамовіў пісьменнік, і ягоны голас афарбавала глыбока прыхаваная радасць. Зрэшты, гэта магло толькі здавацца.
Кароль зарагатаў, і смех гучаў цалкам шчыра.
– Аргумент… Ты – пісьменнік. Перад табой – Вечнасць. Падлі нам віна. – Кароль павярнуўся да пахолка, што непрыкметна стаяў каля вакна, ператварючыся ў персанажа гістарычных сюжэтаў на старадаўніх барокавых шпалерах, якімі былі аздобленыя сцены.
Пахолак адклеіўся ад сцяны і наблізіўся да караля, потым – да ягонага госця, потым – да жаравалосай, якая не брала ўдзелу ў гаворцы, але відавочна прыслухоўвалася да яе. пісьменнік задуменна сачыў за прафесійнымі да аўтаматызму рухамі пахолка, пакуль не сустрэўся позіркам з уладальніцай дзівосных вачэй. Жанчына збянтэжана ўтупілася ў талерку.
– А што калі Вечнасць – не бясконцасць часу, а ягоная адсутнасць?.. – пісьменнік не адводзіў пагляду ад твару і напалову адкрытых грудзей жаравалосай. – Можа, Вечнасць вымяраецца толькі чалавечым жыццём?
Кароль кінуў у рот масліну.
– Ты варты ордэна ўжо за адны гэтыя словы.
– Але ж, ваша вялікасць, у спісе насамрэч няма ніводнага чытача.
– Ты мяне здзіўляеш, пісьменнік. У спісе няма… да прыкладу, няма ніводнага падданага. Дык што з гэтага вынікае?..
Манарху спадабаўся такі нечаканы ход, і ён пачаў развіваць сваю думку:
– Сярод жыхароў нашае краіны ёсць