Скачать книгу

галаве – і ён прапанаваў некаторым гаспадарам ўжываць для спрашчэння тавараабмену адмысловыя папяровыя заменнікі, якія сам і зрабіў. Дзеля пацехі тыя згадзіліся, але, калі ў выніку пробы ідэя паказала сваю карысць, прынялі яе насур'ёз – і справа пайшла.

      – Ну, і малайчына! – захапляўся ўнук.

      – Канечне, – пацвердзіў стары і папярэдзіў: – Але не заўсёды з лёгкага пачатку вынікае такі ж і канец. Кожны ў свой час абавязкова гэта адчуе на сабе.

      – А як, дзедзечка?

      – Ты й сам можаш адказаць на гэтае пытанне, калі добра засвоіш, што грошы – вялікі падман, які людзі прынялі пакорна, без супраціву, зжыліся з ім, але – сама галоўнае – такім яго не лічаць. Прыйдзе час – і кажны атрымае па адносінах да грошай. Так, я бачу, Дзямян з-за свайго апрычнага становішча і празмернай хцівасці аглуміцца і звар'яцее. Усе будуць называць іншую прычыну хваробы. Сам я таксама не бязгрэшны, прыму сваё як надабе. Памятай: той, хто хоць аднойчы патрымаў у руках грошы, ужо зазнаў спакусу.

      26

      Ён толькі хацеў разагнаць неймаверную блытаніну, што панавала ў галаве, як няўрокам у пакой уляцелі ўзбуджаныя Аляксандр, Барыс, Раджыў і мігам яе прыбралі.

      – Як самаадчуванне? – замест прывітання кінуў Аляксандр.

      – Што з табою адбылося? – не даў адказаць Раджыў.

      – Распавядзі, – нецярпліва папапрасіў Барыс, і яны прыселі ля ложка, з цікавасцю пазіраючы на Кастуся.

      Ён разгублена зыркнуў на іх, не цямячы, што ім трэба, хвіліну счакаў, асэнсоўваючы сітуацыю, і толькі потым загаварыў. Павольна, удумліва, узважваючы кожнае слова і быццам камянтуючы свае ўчынкі. Аднекуль усплылі адчуванні, якіх, як яму падалося, не зведваў. Нешта буйнае і неспазнанае прылівала ў свядомасць, патрабуючы імгненнага выказвання.

      Падзея паўставала ў тых вобразах і адценнях, якія вынікалі з ягонага аповеду, і ў агульных рысах была падобная на тое, што зазналі іншыя. Але ўсплёскі інтанацыі, жэстыкуляцыя, пераліўкі настрою, адмысловая гаворка Кастуся рабілі яе своеасаблівай, адметнай і панаднай.

      Слухаючы яго, хлопцы дзівавалі і пераглядваліся.

      – Тады ў вушах зазвінела, я скалануўся і стаў трымцець. Пачаў бачыць сябе адразу з усіх бакоў і ў розных праекцыях. Я быў адначасова часткаю і чымся суцэльным. Атачэнне ператваралася і памнажалася вокамгненна, набываючы неверагодна аб'ёмісты выгляд і паліфанію. Міма насіліся кулі, ашаламляльна дзяліліся, абрасталі маляўнічымі формамі і дзівосна гучалі, з ахвотаю сутыкаліся – і ўсяму гэтаму радаваліся. Мне ж чамусьці было балюча, і ўва ўсіх маіх адлюстраваньнях прысутнічала пакута.

      – Адлюстраванні былі аднолькавыя? – насцярожана спытаў Барыс.

      – Мне здавалася, што так, – задуменна адказаў Кастусь, – але кожнае займалася чымсьці сваім.

      – А чаму ты лічыш, што і яны мучыліся, – зірнуў яму прама ў вочы Аляксандр.

      – Я неяк ведаў аб гэтым і не сумняваўся, – адхіснуўся ад яго Кастусь.

      – Мусіць, гэта былі і не адлюстраванні, – скептычна заўважыў Раджыў, – а галюцынацыі.

      – Хіба

Скачать книгу