Скачать книгу

спісу яго чорных злачынстваў зоймуцца жалезныя рыцары АДПУ». Бачыш, Леначка, можаш цяпер не баяцца нічога. Будзем абедаць?

      – Ой, не кажы! Жахі якія! – Алена зазірнула брату праз плячо. – А вось тут бачыш, што пішуць: «У вёсцы Браздзечына невядомыя бандыты напалі на мясцовага сялькора і актывіста Паўла Верасніцына. Яго моцна збілі на ва чах сям’і, прыгаворваючы, што цяпер сялькор павінен пісаць пра Саветы без камуністаў. Верасніцын патрапіў у больніцу. Супрацоўнікі акруговайміліцыі падазраюць, штона яго напала банда Моніча». А ты кажаш – не баяцца…

      На абед падалі мяса па-французску, гарнірам да яго была фасоля, перамяшаная з смажанай цыбуляй ды маслам. Размова, аднак, не клеілася. Шумскі сказаў, што з самага ранку нядобра пачуваецца і зусім не мае апетыту. Ад прапанаванай Скарынам чаркі аперытыву для апетыту адмовіўся.

      Неўпрыкмет за сталом размова пайшла пра старажытнасці. Завёў гаворку Скарына, спытаўшыся ў Вітушынскага, ці знайшоў той што-небудзь цікавае ў бібліятэцы.

      – Вельмі багатая і разнастайная калекцыя кніг, – зазначыў Антон. – У мяне склалася ўражанне, што іх падбіралі не адно пакаленне. Верагодна, нават не два і не тры.

      – Так, у нас у сям’і даўняя любоў да кнігі. Як юдэі называюць сябе народам Кнігі, так мы можам назваць сябе родам Кнігі.

      Скарына крывавата пасміхнуўся. Вочы ягоныя, аднак, заставаліся сур’ёзнымі і засяроджанымі. Пацягнуўшы з сподка карнішон, ён казаў далей:

      – Зрэшты, калі працягваць нашую ранішнюю гаворку, то варта зазначыць, што без Еўропы, без немцаў не было б не толькі нашага роду Кнігі. Не было б значна большага – славянскага кнігадруку.

      – Гэта вы пра Гутэнбергава вынаходства? – да гаворкі з відочнай неахвотай і скепсісам далучыўся Шумскі.

      – Не толькі. Можаце згадаць сюды ж, да кучы, яшчэ першага друкара, які пачаў выдаваць свае кнігі кірыліцай, – немца Швайпольта Фіёля. Калі не памыляюся, выходзілі тыя выданні ў Кракаве, недалёка ад нас. Адсюль і ўзнікае пытанне наконт вашае зацікаўленасці беларускім: ці магчыма вывучаць беларускую культуру (падкрэсліваю: усялякую культуру – хоць духоўную, хоць матэрыяльную) у адрыве ад Заходняй Еўропы? Нават кнігадрук – гэта найперш тэхналогія, а не духоўны прарыў. А тэхналогіі да нас спрадвеку прыходзілі з Захаду. Нездарма ў нашай бібліятэцы, як вы маглі заўважыць, так мірна суседзяць распоўзлы, круглы славянскі алфавіт з рэзкай, спічастай гатычнай лацінкай.

      – Але ж нават з-пад напластавання заходніх цывілізацыйных набыткаў можна паспрабаваць вылучыць уласна беларускія карані, – паспрабаваў запярэчыць Вітушынскі.

      – Ды кіньце вы дурное! – Скарына адмахнуўся, нібы ад надакучлівай мухі. – Гэта ўсё казачкі для прафанаў. Вось Ластоўскі, які сядзіць у Коўне, у сваім часопісе «Крывіч» таксама ўсё прапануе такія тэорыі – пра беларусаў як самую чыстую славянскую нацыю, якая не зазнала моцнага чужынскага ўплыву.

      – Дык а хіба ён не мае рацыі? – Шумскага зачапіў безапеляцыйны тон Скарыны. Колішняй

Скачать книгу