Скачать книгу

горны ўскінулі гарністы,

      Дванаццаць юных музыкантаў!

      Блонька заплюшчваў вочы, баян раздзіраючы, так яму было ў кайф! “Глядзі, як ціха і як чыста, чуваць маскоўскі бой курантаў…” – запяваў ён высока, голаса не шкадуючы, зноў і зноў, і кожны раз Зоська Путырская казала яму, вочы вылупляючы, бо ў яе свае кайфы былі: “З якім жа слыхам вам, Максім Герасімавіч, нарадзіцца пашчасціла, каб праз васемсот восемдзесят пяць кіламетраў бой курантаў маскоўскіх пачуць!..”

      Праз гэту песню, у якой дванаццаць юных музыкантаў перайначваліся намі роўна ў столькі ж юных мастурбантаў, праз баян ды музыку, а не з-за таго, што быў ён кульгавы, прыгорблены ды падзаікасты, Блоньку і кахалі студэнткі-піянерважатыя. Часцей за ўсё кахалі ўночы, але іншым разам і ўдзень, і з адной з іх, Святланай Мікалаеўнай, мы Блоньку высачылі, падлавілі і сфатаграфавалі са спушчанымі штанамі ў лесе за мурашнікамі. Святлана Мікалаеўна, ухапіўшыся за пахіленую сасонку, стаяла нагнуўшыся, і на фотакартцы ўсю яе было не распазнаць, але Блонька, які прыстроіўся да яе ззаду, праз горб свой і сухотную нагу распазнаваўся ўвесь. Мы падкінулі фотакартку ў футарал баяна – і яна выпала з яго на ранішняй лінейцы…

      Мы ўскінулі рукі ў салюце!

      Блонька, заіскрыўшыся нянавісцю так, што пераіскрыў світальнае сонца, зыркнуў на нас, схаваў фотакартку ў кішэнь, баян – у футарал, і песню, са-складзеную Блонькам, мы не праспявалі.

      Зразумела, што мы – гэта не ўсе піянеры з піянеркамі, колькі нас было ў лагеры, але Блонька не ведаў, хто канкрэтна распазнаў яго пры аголеным азадку Святланы Мікалаеўны, і таму ненавідзеў кожнага і ўсіх. Аднак найперш ён – і справядліва – падазраваў і ненавідзеў мяне, бо адзіны фотаапарат, які меўся ў піянераў з піянеркамі, быў маім.

      Да таго ж я граў на баяне – і не горш за Блоньку.

      – Дзе твая “Змена”? – адвёў ён мяне ў лес, у самы гушчар, быццам забіць збіраўся і ламаччам закідаць.

      – Сам абшукаўся, Максім Герасімавіч… Нехта ўзяў…

      – Калі ўзялі?

      – З тыдзень таму. Я ўжо хацеў ці вам, ці начальніку лагера сказаць, ды запіску падкінулі.

      За вуха Блонька хапаў балюча, касціста, але я трываў…

      – Што ты мне лепіш?.. Якую яшчэ запіску?

      – Гэтую во… – круціўся я туды, куды круціў Блонька, каб толькі не адарвалася вуха, бо што я тады за музыкант?..

      Запіску я сам са-склаў, напісаўшы тлустымі, нібы друкаванымі літарамі: “ФОЦІК ВЕРНЕМ. ПРЫХОДЗЬ СЁННЯ АПОЎНАЧЫ Ў ШОСТУЮ ПАЛАТУ. МАЎЧЫ!”

      Блонька глянуў на мяне недаверліва.

      – Там жа піянеркі…

      Я здзівіўся з ягонай недаверлівасці.

      – А то піянеркі фоцік сцягнуць не могуць!

      Апоўначы Блонька паляваў на піянераў з піянеркамі каля дзвярэй шостай палаты. Піянеркі пад гэты час палатамі з піянерамі памяняліся, пакінуўшы піянерам адну Зоську Путырскую, якой ужо ў трынаццаць гадоў на ўсё было чхаць і пляваць, толькі смерць як паглядзець хацелася, як піянеры мастурбіруюць на хуткасць. Мы паабяцалі ёй паказаць – і яна згадзілася пастаяць пасярод

Скачать книгу