ТОП просматриваемых книг сайта:
Дзеці Аліндаркі. Альгерд Бахарэвiч
Читать онлайн.Название Дзеці Аліндаркі
Год выпуска 2014
isbn 978-985-7021-71-0
Автор произведения Альгерд Бахарэвiч
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство Электронная книгарня
Я, бацька.
Я памятаю, як я даў ёй імя. Гэта было прынцыповае пытаньне, каб яно трапіла ў пашпарт менавіта ў такім выглядзе. Тады нам з табой здавалася, што толькі такім чынам, нікога не баючыся, яна, Сіа, зможа данесьці свой папірус – з гонарам, не хаваючыся ні ад кога. Цяпер я быў бы больш асьцярожны. Але тады я прыехаў, поўны рашучасьці і нейкай надта ўжо здаровай злосьці, апрануты як на вясельле. На вясельле маёй Сіа – у нейкім сэнсе гэта і праўда былі яе першыя заручыны са сьветам. Каб мяне выслухалі і ня выпхалі ў каршэнь, я мусіў выглядаць рэспэктабэльна. Я нават вычысьціў зубы, нібы зьбіраўся да дантыста. Я завязаў гальштук. Я вышчыпаў валасы ў носе. Малады бацька, дастаўнік гарматнага мяса і сьвежых яйцаклетак да двара яго вялікасьці.
Тут усё было прадумана. Дом рэгістрацыі грамадзянскага стану быў падобны адначасова на перакуленую ванначку для немаўлятаў, вясельны торт і магільны ўзгорак. Менавіта сюды давала свае справаздачы сьмерць, але толькі тая, што прыпісаная да нашага раёну. Менавіта тут прымала роды ўсемагутная папяровая акушэрка – але толькі ў тых, хто з нашага раёну. У іншых былі свае парафіі.
Я прыехаў перад самым закрыцьцём. Тут нядаўна зрабілі рамонт, бязьлюдныя калідоры наводзілі на думкі пра падзеньне нараджальнасьці і зьніжэньне фэртыльнасьці, пахла тынкам і глыбокім тылам. Я адчыніў дзьверы – яна сядзела пад гербам, як пад горбам. Зьбіралася сыходзіць, чысьціла пер’е.
“Сіма? – перапытала яна абыякава. – Сіта? Серафіма?”
Сіа, мая ты жэншчына.
“Вы недачулі. Сі-а”.
Яна ўздыхнула, высунула шуфляду і дастала Кнігу.
“Паслухайце, мужчына. Вось якія імёны ёсьць на сэ. Сара, Сьвятлана, Сафія. Сьняжана. Станіслава. Стэла. Сюзана. Серафіма. Ёсьць яшчэ такое прыгожае славянскае імя Стаглава. Як бачыце, імя Сыя…”
“Сіа”.
“…імя Сія ў сьпісе няма”.
“Але існуюць іншыя сьпісы. І ў маёй дачкі адна галава”.
“Дзе вы яго ўзялі?”
Я мог бы зачытаць вам нешта з Кнігі мёртвых. Пагатоў гэта па вашай спэцыяльнасьці, Крака-срака-жана Анатолеўна. Вы ж таксама пішаце гэтую кнігу. Але гэтага я не сказаў, вядома. Прамаўчаў.
“Навыдумляюць імёнаў… – сказала яна журботна. – А дзецям потым усё жыцьцё му-у-учыцца”.
“Ну чаму адразу му-у-учыцца…” – я паглядзеў на яе як мага больш ласкава.
“Гэта ж да самай сьмерці!” – і яна, дзеля пераканаўчасьці, закаціла вочы.
“Ёй месяца яшчэ няма. Якой сьмерці?”
“Уявіце сабе! – яна схавала кнігу ў стол і грукнула шуфлядай. – Часам людзі паміраюць, у тым ліку ў нашым раёне”.
“Людзі зусім як мовы, але моваў чамусьці