Скачать книгу

дзе ня выйшаў, пянькі сьвежыя сьнегам прысыпаеш, каб не сьвяцілі.

      І вось той раз я ўвалілася ў палонку. Бягу, за аглоблю ўхапіўшыся, ды плачу, бо холадна. Ажно выскокваюць з-за купы на дарогу гранічары. Я думала, яны будуць нас ганіць, што празь мяжу едзем, а яны адразу да Антэ сігануліся шукаць грошы – зналі, што нам сплацілі за зямлю, думалі, што грошы з сабой возім, бо ў аўчарні схаваць няма дзе. Адзін кажа: давай грошы, а то зараз застрэлю, скажу, што ўцякаў.

      А я стаю і думаю: хай бы, і праўда, яго застрэлілі, яму ўсе адно не жыцьцё зь яго экзэмаю ды астмаю, і мне ад яго ніякай дапамогі. Толькі кармі, а працаваць ня можа. Я і дровы рубаю, і за плугам сама хаджу. Антэ ж сваё цьвердзіць: няма грошай, аддалі за пазыкі. А той гранічар кажа: ну, дык маліся, Антэ, бо зараз табе канец будзе – і стрэльбу падводзіць.

      Але, мусіць, Бог яго стрымаў. Апусціў ён стрэльбу, рукой толькі махнуў. А другі ўжо каня выпрагае – такі закон быў, што калі празь мяжу канём едзеш ды зловяць, дык каня забіраюць.

      Я як бухну на калені і ў лямант: прашу, малю на прамілы Бог, каб толькі каня пакінулі. Бо як без каня?! Вясна прыйдзе – як безь яго?! Як дровы без каня дацягнуць? А тапіць жа няма чым, замерзьнем, дзіця замерзьне!

      Але хіба іх умоліш? Той, што стрэльбай палохаў, кажа: бачыш, Антэ, якая ў цябе баба, за цябе не прасіла, а за каня просіць. І пайшлі сабе, і каня нашага павялі.

      А ў Антэ з таго ўсяго прыступ стаў. Паваліўся ён, бедны, на дровы і ротам дух ловіць, аж ссінеў. Што рабіць? Узялася я за аглоблі, дый пацягнула і сані, і дровы, і Антэ. Добра, што трошкі з гары было. Цягну воз, а адзеньне на мне зьвініць, спадніца па нагах б’е – усё чыста лёдам пакрылася.

      Дабраліся дадому – я перш-наперш да акенца, паглядзець, ці хоць з Сашком усё добра. Бачу, сядзіць на запечку, іграецца. Апусцілася я на прызбу, адчуваю, ня ўстану. Але ж трэба – Антэ ўсярэдзіну завесьці, затапіць, пераапрануцца.

      Цягну Антэ, толькі дзьверы прычыніла, а Сашко з радасці да мяне як кінецца:

      – Мацінка, мацінка!

      Які нячысты дух мяне пад руку вадзіў! Пхнула я яго ад сябе, каб пад нагамі не матаўся, не перашкаджаў бацьку весьці. Ён упаў ды, мусіць, пашкодзіў сабе што. З таго дня ў яго стаў расьці горбік.

      …Паслухай, ты можаш завіць мне хустку, во тут яна, пад падушкаю?

      Я знайшла лёгкую жоўценькую хусьціну і завіла старую, завязаўшы канцы пад падбародзьдзем. Сьляпая, у павязках на вачах, яна ляжала на сьпіне, выцягнуўшы ўздоўж цела худыя рукі зь вялікімі далонямі.

      Увайшла санітарка, пажылая і спакойная, і спыталася ў старой, ці не патрэбная пані вутка.

      – Давай!

      Трошкі пасьля санітарка прынесла старой вячэру. Старая ела з апэтытам, якога я ад яе не чакала, а кавалак хлеба працягнула санітарцы:

      – Рэшту аднясі назад, мо каму не хапіла, дык дасі.

      Адразу пасьля вячэры, перахрысціўшыся і памаліўшыся, старая заснула.

      Хутка, як заўжды на поўдні, сьцямнела. Я глядзела ў вакно сьвежапралечанымі вачыма. Унізе, пад гарой, блішчэла пад месяцам мора – чорная прорва, поўная рыбаў і пачвар. Блішчэла і гара:

Скачать книгу