Скачать книгу

Не любіў ён абмяркоўваць свае творы. Бо ў мастацкім развіцці пайшоў значна далей за шматлікіх калегаў, якія так і засталіся на другой ступені эвалюцыі пасля курыцы-нясушкі.

      У сталіцу савецкай Беларусі кампазітар Шастаковіч прыязджаў яшчэ разоў пяць. І з канцэртамі, і проста так. Але ж і мінскі стадыён «Дынама», і комплекс КГБ БССР на Ленінскім праспекце абыходзіў, як той казаў, свінячымі сцежкамі…

      Як стукач Беларускага сімфанічнага аркестра здрадзіў Радзіме

      Савецкія грамадзяне, як вядома, падзяляліся на дзве асноўныя катэгорыя: на тых, хто стучаў, і тых, на каго стучалі. Стукачы шчыравалі паўсюдна: ад турэмных камер і да абкамаўскіх кабінетаў, ад шахцёрскіх брыгад і да бамбардыровачных экіпажаў. Нават у міліцыі і ў пракуратуры – і тое былі свае стукачы.

      Беларускі сімфанічны аркестр, натуральна, не стаў выключэннем. А як жа так можна, каб савецкі працоўны калектыў існаваў без уласнага стукача? Штат вялікага сімфанічнага аркестра – больш за сто чалавек. Усе спрэс творчыя і амбітныя, з вытанчанымі густамі і багемнымі звычкамі, а, значыцца, схільныя да маральна-побытавай распусты. Ці, чаго горш – да плявузгання на палітыку партыі. Вось аркестравы стукач і пільнаваў, каб музыкі ў вольны час не чыталі дысідэнтцкай літаратуры, не расказвалі палітычных анекдотаў і не пілі зашмат гарэлкі.

      Выглядаў той стукач панура, бы кастрычніцкая слата: зацёрты пінжачок з абвіслымі гузікамі, бляклыя вочкі пад залатымі акулярамі і поціск рукі, падобны да дотыку кажана ў сутарэнні. Звычайны эрзац-інтэлігент з музычным ухілам… У сімфанічным аркестры ён граў на талерках; дзынь-бабах! На палітзанятках старана канспектаваў пра міжнароднае становішча; цягнуў руку і набіраў балы. Затое ў курылцы беспакарана і правакацыйна расказваў, як люта ён ненавідзіць савецкую ўладу і як даўно марыць зваліць куды «за бугор». Натуральна, ніхто з калегаў-аркестрантаў стукачу веры не даваў, бо паскуду тую даўно ўжо падлавілі і выкрылі. Але й зрабіць з ім нічога не маглі: ад сексота стараліся трымацца падалей, не раўнуючы, як ад хворага на паршу…

      У 1976 годзе Беларускі сімфанічны аркестр афіцыйна запрашаюць у турнэ па Заходняй Нямеччыне. У філармоніі пачынаецца падрыхтоўчая ліхаманка: партарг складае характарыстыкі, прафарг зацвярджае спісы, лектары-прапагандысты распінаюцца на палітзанятках пра «свет капіталу, свет бяспраўя». Музыкі закідаюць аркестравыя партыі, ціхенька мацюгаюцца і завучваюць напамяць «Правілы паводзінаў савецкіх грамадзянаў у капіталістычных краінах». А музыкантцкія анкеты тым часам праганяюцца праз шматлікія фільтры і прасвятляюцца бязлітаснымі рэнтгенамі.

      Нашага стукача выклікаюць на канспіратыўную кватэру, дзе куратар «адтуль» напампоўвае яго інструкцыямі, не раўнуючы, як руплівая гаспадыня шпігуе часныком свіную рульку: эксплуатацыя пралетарыяту!.. агрэсіўны блок НАТА!.. неафашысцкія шабашы!.. полавыя кантакты з іншаземцамі раўназначныя здрадзе Радзіме!.. Зразумеў, не?!.. То пільнуй!

      Сексот

Скачать книгу