Скачать книгу

«горка» і пачалі пацешна спяваць ім вясельныя песні.

      Але зараз і іхнія песні, і іхні смех, і нават іхняя гітара, якая, кепска наструненая, брынькала не дужа каб цікава, нібыта здаліліся для іх дваіх; зараз усё гэта злівалася ў нейкі агульны, далёкі-далёкі шорах і патрэскванне: здавалася, што гэта недзе ў другім свеце шэпча – слоў не разабраць – радыёпрыёмнік, які нехта выключыў не да канца, і той усё яшчэ хрыпіць, абыякава змешваючы розныя хвалі.

      Малыя таксама пасябравалі з цёцяю Тоняю. Ды так, што жанчыны, якія зайшлі ў вагон пасля, падумалі нават, што гэта яе дзеці. I калі, развітваючыся на бабуліным раз’ездзе, хлопчык вельмі лашчыўся да яе, а дзяўчынка не хацела злазіць з каленяў, калі Алег вёў пляменнікаў да выхаду, ён чуў, як жанчыны, не хаваючыся, дзівіліся: «Глядзі ты, збыла ўжо салдату сваіх дзяцей. Ды хутка як. А той, дурань, – за рукі і павёў».

      Потым Тоня сама прызнавалася яму:

      – Ведаеш, як ты адсланіў мае валасы, як убачыла я цябе – Бог мог, думаю, які прыгажун сядзіць, які бравы: усе грудзі ў медалях! I яшчэ ўбачыла, як да цябе малыя прыліплі і як ты ўмееш з імі забаўляцца, таксама падумала: Бог мой, во некаму такое шчасце на галаву зваліцца.

      – I я пра шчасце ўспомніў, калі ўбачыў цябе. Гляджу, як малыя мае да цябе горнуцца, і таксама думаю: во некаму жонка добрая будзе.

      Таму Алег адразу ж, як толькі дэмабілізаваўся, пазваніў ёй па міжгароднім тэлефоне ў студэнцкі інтэрнат.

      – Што ты робіш?

      – Вучу стараславянскую мову. А ты?

      – А я да вяселля рыхтуюся.

      – Што, што? – крыху насцярожылася яна.

      – Да вяселля, кажу, рыхтуюся. Самагонку ганю, шлюбны касцюм шыю – ведаеш, чорны такі, строгі, з беленькаю насовачкаю ў кішэньцы. Нішто сабе атрымліваецца, чуеш?

      – А хто ж у цябе жэніцца? – Тоня старалася гаварыць спакойна, але ён адчуваў, што яна напружана чакае яго адказу.

      – Як хто? Сам!

      Дзяўчына крыху памаўчала: навіна яе здзівіла, і яна абдумвала, што гаварыць далей.

      – Ну, а хто ж такая шчаслівая? Тая, каго ты бярэш? – яшчэ больш насцярожана пыталася Тоня, а сама зноў жа думала, як сябе паводзіць, калі пачуе раптам імя сваёй суперніцы.

      – А ты спытайся ў сябе самой, ці шчаслівая ты.

      – Чаму?

      – Таму, што я з табою жанюся! – закрычаў ён колькі сілы ў трубку.

      Яна засмяялася.

      – Бог мой, ён рыхтуецца да вяселля, шые сабе шлюбны касцюм, а я, яго нарачоная, нічога пра гэта не ведаю.

      – Дык вось я і званю, каб сказаць, што ты выходзіш за мяне замуж.

      Яна ўжо нічога яму не адказвала, адно, не стрымліваючыся, шчыра смяялася – у трубцы толькі і чуваць было яе «ках-ках-ках-ках».

      Яму і потым, калі яны пажаніліся, вельмі падабаўся гэты яе смех. З розных гарадоў, з розных камандзіровак ён званіў жонцы па тэлефоне-аўтамаце, і калі манеты канчаліся, а на табло ўспыхваў надпіс: «Засталося 30 секунд», Алег, спяшаючыся, крычаў у трубку: «Усё, бывай», а затым паўтараў адно толькі слова: «Цалую, цалую, цалую». Яна шчыра смяялася – Тоні, вядома

Скачать книгу