Скачать книгу

межы.) …Пад млынавы грукат да яе даносіліся галасы ўзброеных людзей. Змест гаманы было не ўцяміць, гаворка нагадвала птушыныя перагукванні. Варта было пасунуць галаву на падушцы трохі ўбок, і відзежа квітнеючай яблыні запаланяла сабой усю прастору яе пакоя (ці быў то пакой?). Дрэва, што ўвабралася ў самы росквіт, абтрасала ружовыя пялёсткі на цёмную галоўку малога пастушка, што сядзеў пад ім. Грукат млына раптоўна змешваўся з нарастаючым гулам падаючага з неба жалеззя, і пасля Соня ўжо не бачыла, але чула плач і стогн многіх людзей. Ізноў чула плюскатанне вады ды бачыла збялелыя вершаліны ўспоратага чароту, зялёныя пагоркі і горад на даляглядзе…

      Аднойчы ўначы праз сон ёй падалося, што хтосьці пазваніў у дзверы. Соня дасюль не ведае, ці падхапілася яна насамрэч, ці ўсё адбывалася падчас яе сну. Але калі яна ўзялася за клямку, дык раптам зразумела, што адчыніць дзверы не здолее, а калі б і магла, то забаялася, што ўяўная вада вырвецца з яе кватэры навонкі ды проста змые начнога госця. І гэта было відавочна. Адно што ранкам Соня не магла ўцяміць, як жа сама яна магла знаходзіцца тут, да таго ж унізе таксама жылі людзі. Пасля той ночы Соня заўважыла змены ў сваёй кватэры. Яе белыя шпалеры пакрыліся тонкім, бы павуцінне, малюнкам, падобным на выявы вадзяных раслінаў, а пад босымі нагамі дзе-нідзе шамацеў белы рачны пясочак, бы хтосьці знарок рассыпаў змесціва шклянога гадзінніка. Соня баялася паверыць самой сабе.

      Начны госць прыйшоў наступным разам. Сон аказаўся ў руку: на парозе стаяў чалавек з мінулага. Яе нарачоны. Раптоўная хваля радасці ледзь не збіла Соню з ног. Усё адбылося амаль з дакладнасцю да наадварот. Толькі цяпер гэта была зусім не хваля сцюдзёнай, звыклай вады яе асяроддзя. Мяккі штуршок у грудзі прымусіў Соню зрабіць крок назад ад расчыненых дзвярэй, у паўцемру свайго пакоя, якая сцялася ў яе за спінай у прытоеным чаканні.

      Яны сядзелі на кухні і згадвалі сваё жыццё. Вечар успамінаў. Цяпер не праз сон, не праз мрою, а наўпрост – словамі, вачыма, вуснамі – твар у твар.

      Горад запальваў ліхтары, і яны сустракаліся на месцы Старога рынку. Амаль заўсёды на адным і тым жа месцы. Пасля выбіралі кірунак сваіх блуканняў. Менск датуль застаецца халодным і маўклівым для людзей, народжаных наводдаль ад яго, пакуль яны не ўбачаць яго вачыма свайго кахання. Мураваныя лаўкі не здаваліся халоднымі, калі яны сядалі на іх, а святло чужых вокнаў сагравала тады, калі на начных вуліцах у твар дзьмуў ледзяны лістападаўскі вецер. Прытулкам былі чужыя пад’езды на праспекце і ў Старым горадзе, а варажба па сценках пустых кававых філіжанак абяцала абодвум бясконцы працяг іхніх вандраванняў. У канцы доўгага калідора ў будынку старога уніяцкага кляштара яны грэліся адной каляднай ноччу ля гарачай батарэі. Пахла ваўнянымі Сонінымі рукаўкамі, сплеценымі заслаўскімі вечарамі бабуляй, а ён расціраў яе тонкія пальцы, разпораз цалуючы кожны паасобку. «Твае белыя пальчыкі – барабанныя палачкі», – шаптаў і дзьмуў горача ў яе жменьку той малады музыка, аматар Малера і партугальскага

Скачать книгу