Скачать книгу

нашы пошукі. Наступнаю раніцаю мы разбурылі свой самаробны дамок і, каб не крыўдзіць гаспадароў, накрэмзалі на пяску ліст да іх. У ім мы падрабязна напісалі гісторыю нашых пошукаў, падзякавалі за тое, што яны зрабілі для нас, а таксама пакінулі некалькі парадаў, як можна спасцігнуць неабходныя для жыцця майстэрствы: дыхаць пад вадой, чытаць будучыню па слядах на пяску, размаўляць з сабой з мінулага, разумець мову жывёлаў.

      Паступова мы абышлі ўсе суседнія мясціны, але, як правільна заўважылі Лорна і Кіран, тое, што мы шукаем, часта не пакідае ніякіх слядоў – толькі прадчуванне сваёй блізкасці. Найлепшым месцам нам падалося курортнае мястэчка, якое, нягледзячы на папулярнасць сярод турыстаў, захоўвала дзікаватыя куткі. Трэба было толькі адысці некалькі кіламетраў ад упарадкаваных мясцінаў адпачынку, а таксама ад невялікіх пясчаных пляжаў – і вакол цябе заставаліся толькі пашы ды стромкі скалісты бераг акіянскага заліва. Мы знайшлі маленькі маляўнічы схаваны ад нецікаўных людзей вадаспад з прэснай вадой і невялікую палоску камяністага нізкага берага. Недалёка ад гэтай райскай мясціны знайшлася таксама маленькая ўтульная пячора, у якую можна было трапіць толькі па вадзе… ці паветры.

      Ідучы сцежкай, абсаджанай суцэльным кустом ажыны, мы сустрэлі чалавека-авечку і спыталі ў яго напрамак. Ён прамармытаў нешта на дзіўным і, відаць, вельмі старажытным дыялекце, падобным да гельцкага і пакрочыў далей са сваім сівым і мудрым ад старасці сабакам. Пах авечай поўсці зачапіўся за нас і пацягнуўся ад чалавекаавечкі, як нітка за павучком. Я стала намотваць яго на далонь – калі час будзе, зраблю файную фарбу.

      Я ўладкавалася працаваць у кітайскім доме – два разы на тыдзень. Распавядала замежнікам пра розныя гатункі гарбаты на тых мовах, якія ведала; а таксама ладзіла чайныя цырымоніі. Ты чакаў мяне дома, куды я прыязджала на старым фургончыку, які мне пазычылі на працы. Грошай хапала на кнігі, ежу, свечкі і дровы для каміна. Часам ты выпраўляўся ў горад разам са мной. Па дарозе ты заўсёды паглядаў у абодва бакі, каб не прапусціць нешта значнае. Ты ўглядаўся ў твары людзей, шукаў на іх адбітак дзіўных невытлумачальных здарэнняў, сведкамі якіх яны сталі. Але большасць твараў былі заклапочаныя і шэрыя – твары людзей, якія даўно не бачылі нечага незвычайнага, прынамсі іх вочы не паказвалі сумневу ў правільнасці сённяшняга разумення сусвету.

      У кітайскі дамок прыходзілі розныя людзі. Былі выпадковыя і сталыя наведнікі. Былі тыя, хто, даведаўшыся пра гэтае месца з якой-небудзь крыніцы, заходзілі пацікавіцца і больш ніколі не вярталіся, а хтосьці рабіўся заўсёднікам. Былі людзі, дасведчаныя ў каштоўнасцях гарбаты, але большасць падчас цырымоніі сачылі і слухалі з непадробнай увагай і даверлівасцю. Адзін чалавек часта завітваў сюды. Звычайна ён замаўляў жоўты чай з карой японскага кедра, якая мела галюцынагенныя ўласцівасці, і сядаў за самы непрыкметны столік, адкуль бачна было тое, што адбываецца ў зале.

      Вікторыя Герасімчук

      Я

      Я

Скачать книгу