Скачать книгу

Вярба адна. Яна ляжыць тварам да сцяны, на стук дзвярэй яна асцярожна паварочваецца і гаворыць:

      – А ты ведаеш, што акіян дыхае? Рытмічна дыхае, павялічваецца і ападае паверхня вады, з частатой раз у трыццаць гадоў? А я тут ляжу…

      – Дай я цябе абдыму, акіянолаг ты мой, – кажу я, абдымаю яе і разумею, што маю досыць сілы.

      Я маю досыць сілы, каб не быць шчаслівай тут і зараз.

      Каб ставіць на кон душу і перамагаць.

      Каб паўзці праз туман глухаты.

      Белы, як бяздушша, бязрыб’е, бясконцасць.

      Потым будзе Спачын. Але застанецца тастамент.

Снежань 2007, снежань 2008 г.

      Вольга Бабкова

      Дом на Пярэспе

      Аповед

      Кожны вір мае свайго вадзяніка…

З міфаў Бацькаўшчыны.

      Дом рос як на дражджах. Ужо нават мала хто са старажылаў мог прыгадаць невялікі лапік зялёнай пусткі вільготнай зямлі, што колісь дружна абыходзілі, спускаючыся з прыступак сваіх пад’ездаў, каб не змачыць у твані спрытныя зранку ногі. Сцежкі ды бітыя тымі ж нагамі шляхі крэслілі навокал утравелага квадрата мудрагелістыя кругі ды стрэлы, абмінаючы і не дасягаючы зялёнай пустэчы, заціснутай з усіх бакоў старымі пяціпавярховікамі. Трава тут буяла па пояс, а каму і па воспінку на руцэ, пад нагамі хлюпала, а сінія ды брунатныя стрыблі садзіліся блізу не на самыя шчокі. Яшчэ кажуць, летнімі вечарамі падымалася над гэтым месцам лёгкае воблака туману, якое, будучы асветленым навылёт кухоннымі ды іншымі вокнамі блізкіх дамоў, клубілася над цёмным месцам, нікуды не распаўзаючыся і праз ноч не знікаючы. З долу халаднаватымі зоркамі паглядалі ўгору праз аер надзвычай зыркія незабудкі, якія так любяць квітнець на мокрадзі.

      Будаваць пачалі на пачатку восені. Жалезныя магутныя машыны абляпілі пустку з усіх бакоў, ушчаўшы зранку да позняй ночы страшэнны лязгат і калатнечу. Шкло пазвоньвала ў шыбінах дамоў, зямля гула пад коламі цяжкіх механізмаў. Неўпрыкмет на месцы былой пусткі ўзнік адпаведных памераў катлаван. Тлустая чорная зямля цяжкімі пластамі плюхалася з каўша экскаватара ў корабы грузавікоў, і тыя, буксуючы ў гразкім бездарожжы, перакошаныя ад ношы, цягнуліся адзін за адным кудысьці за край горада. Пасля іх замянілі на больш магутныя машыны, і неўзабаве на месцы былой зялёнай роўнядзі зеўрыла ў нябёсы глыбокая чорная яміна-катлаван.

      Неспадзеўка пачалася на золку наступнага дня. Пабуджаныя нечаканай цішынёй, жыхары блізкіх дамоў наўздзіў пачулі ў сваіх пакоях свежы водар ракі. Катлаван быў амаль на палову запоўнены вадой, у якой адбіваліся халаднаватыя цені аблокаў. Вады было дастаткова, каб восеньскі ветрык утвараў на яе серабрыстай паверхні лёгкі зыб. Праз некалькі дзён вады ў копанцы пабольшала, і разгубленыя будаўнікі, адклаўшы на час свае чарцяжы ды праекты, паглыбіліся ў вывучэнне старой мапы, што замовілі са сховішчаў блізкага ад месца здарэння архіва. Рэчышча старой ракі, як сведчыла мапа, праходзіла на значнай адлегласці ад будоўлі, але ж крыніцы ўсё яшчэ бруіліся глыбока пад зямлёй, жывіліся нябачнымі токамі. З вышыні птушынага лёту квартал гэтай часткі горада амаль

Скачать книгу