Скачать книгу

гутаркі. Кожнаму рупіла толькі ягоная бздура, ці, як яны гэта называлі, каханне. Замак ператварыўся ў нейкае соннае каралеўства. Жыццё ў ім нібыта прыпынілася. Выпадковы госць пабачыў бы толькі самотныя нерухомыя постаці гаспадароў Замка, нібыта намаляваныя адным мастаком: усе яны сядзелі, утаропіўшыся ў невідочную кропку, і было такое ўражанне, што кожны гатовы расплакацца ў любы момант. Ці падхапіцца ды пачаць шпурляць цяжкія прадметы інтэр’ера.

      Паэт толькі і рабіў, што нешта крэмзаў, пакусваючы зрэдчас аловак, безуважны да ўсяго; Анёлак назаўжды знерухомеў ля ног свайго маўклівага музычнага Генія; А-Гуру-Уок пагойдваўся ў лотасе, мармычучы мантры, а Трыстана, якая нібыта сядзела побач, насамрэч была далёка-далёка. Муза назаўсёды ўтаропіла вочы ў неба, нібыта яе нехта прыклеіў да падаконня; Кароль моўчкі паліў ды круціў у руках карону. Фата-Мантана, роўна як і браты, нікому не траплялася на вочы. Беладонна кінула ўсялякае шуканне сэнсу ды бесперапынна пазірала з вежы, як Харон наразае кругі вакол Замка, праз аднолькавыя прамежкі часу, як машына, штурхаючы свой човен.

      Адважны Змагар увогуле кудысьці знік з далягляду, чамусьці не пажадаўшы пацвярджаць сваё права на каханне.

      Адзінымі жывымі персанажамі ў Замку засталіся Акварыус з Касіяпеяй, без якіх жыхары памерлі б ад голаду. Ды яшчэ і лялькі стваралі хоць нейкі рух у апусцелых калідорах.

      Ну што, дарагія, любімыя мае героі? Што вы нарабілі? Чаго вы дасягнулі?

      Натуральна, што казачная рэальнасць не здолела трываць у сваім улонні вашу выспу непаразумення, няшчасця ды недаверу. І ў мяне таксама няма ніякага жадання займацца вашымі праблемамі, выцягваць вас за валасы з гэтае багны ды ставіць вас на шлях выпраўлення – на шлях, які як мага далей адвёў бы вас ад разбуральнай ды самазнішчальнай з’явы – неўзаемнага кахання.

      І пачалася навальніца. Маланкі бліскалі штосекунды, пагражаючы знішчыць Замак. А што я магла зрабіць? Навальніца была апошняй магчымасцю злучыць вас, аб’яднаўшы перад пагрозай сапраўднай трагедыі.

      І вось адразу пяць маланак працягнулі свае тонкія блакітныя рукі да замкавае вежы. Яна адразу ж загарэлася, і напалоханая Беладонна скочыла ў ваду. Харон выцягнуў яе, і яны паплылі выратоўваць замкаўцаў. Тыя, пераляканыя, ужо чакалі чоўна.

      Мае героі ўдала пераправіліся на Вялікую Зямлю, нічога з сабою не захапіўшы. А што яны маглі з сабою ўзяць? Крылы? Карону? Хіба што. Нават ФатаМантана адразу ўпэўнілася ў няіснасці сваіх лялек.

      Мае героі стаялі, нерухомыя, ды моўчкі глядзелі, як гіне ахоплены блакітна-ружовым полымем Замак, гіне разам з Лабірынтам, Зімовым Садам ды троннай залай, і на вачох ператвараліся ў звычайных людзей.

      І тут я звярнулася да іх.

      – Не! Я супраць! Вы мусіце туды вярнуцца! Спыніце полымя! Вам адным далі моц яго спыніць – варта толькі павыкідаць з галоваў усю гэтую лухту, якую вы самі сабе прыдумалі. Выракайцеся ўсе сваіх каханняў, і няхай усё будзе так, як было!

      А мае героі мне нічога не адказалі.

      Яны проста моўчкі

Скачать книгу