Скачать книгу

чоўнам цэлыя тры дні, а Харон замкнуўся ў яе вежы ды адмовіўся хоць нешта патлумачыць цікаўным.

      Праз тры дні ўсе вярнуліся на свае месцы, але з якое нагоды сварыліся Харон з Беладоннаю, дагэтуль нікому невядома.

      У Замку жыве таксама Паэт, які за ўсё жыццё не напісаў ніводнага верша, бо ў яго няспынны творчы крызіс. Скаргамі на свой творчы крызіс ён штодня псуе настрой жыхарам Замка, таму яны раз-пораз бяруцца ўгаворваць былую Паэтаву жонку, Музу, каб тая вярнулася да кінутага мужа. Але безвынікова, бо ў Музы свой погляд на творчасць. Яна ўпэўнена сцвярджае: «Гэта ж усё дзеля яго! Я ягонай творчасці толькі спрыяю! Бо ў Паэта выбар небагаты: або крызіс у прыватным жыцці, або творчы крызіс!» Таму ўсе замкавыя месцічы чакаюцьчакаюць вершаў ад Паэта, але ніяк не дачакаюцца.

      Жыве там і Кароль у Выгнанні, які мае звычку губляць сваю карону ў самых нечаканых месцах. То Акварыус урачыста выцягне яе з рондаля падчас вячэры; то Беладонна, грэбліва трымаючы карону двума пальчыкамі, вынясе яе ў тронную залу; сцягваюць карону з галавы Анёлка-Галубочка; а то Касіяпея спусціцца ў кароне да сняданку, сцвярджаючы, што знайшла яе трыста гадоў таму на нейкім сметніку, то лялькі моўчкі прынясуць карону з сутарэнняў… І калі аднойчы багор Харона за нешта зачапіўся, ніхто не меў сумневаў, што зараз з’явіцца карона Караля ў Выгнанні. А сам Кароль ні з кім не размаўляў: напэўна, так паўплывала на яго выгнанне.

      Жыхароў у Замку была плойма: браты-блізняты Белы ды Чорны, якія заўсёды ўсё рабілі аднолькава і нават прамаўлялі адначасова і тое самае, але адзін з іх быў добры, а другі – кепскі; быў Адважны Змагар, які няспынна змагаўся за свае неад’емныя правы бачыць, чуць, дыхаць, есці ды бесперашкодна бадзяцца па Замку; была Дзяўчынка з Мячыкам, якую доўгі час уважалі за адну з лялек Фата-Мантаны, бо яна ўвесь час маўчала ды ні на што не рэагавала, толькі стукала мячыкам аб падлогу. У парадку эксперыменту ў яе адабралі мячык, але яна пачала нервавацца ды матляць рукамі; тады ёй пад рукі паставілі піяніна, і яна пачала на ім граць, прычым выдатна і няспынна. Заінтрыгаваныя жыхары Замка спрабавалі даваць ёй у рукі розныя музычныя інструменты, і аказалася, што Дзяўчынка можа граць абсалютна на ўсім. Таму яе пасадзілі за раяль ды так разам з раялем і адправілі ў далёкія замкавыя пакоі, выцягваючы на вялікія святы, калі была патрэба ў музычным аздабленні.

      З маімі героямі мусілі здарацца розныя цікавыя казачныя прыгоды.

      Напрыклад, аднойчы яны ўсім кагалам, прыхапіўшы нават Харона, выправіліся прагуляцца ў замкавым Лабірынце, дзе дагэтуль ніколі не былі, ды заблукалі тамака. Дзякуй Лёсу, у Лабірынце была цудоўная акустыка, таму яны выдатна чулі адно аднаго. Але лабірынтавая акустыка мела адну ўласцівасць: галасы блыталіся і падмяняліся. Вось стаіць Трыстана, упэўненая, што чуе голас Акварыуса, а гэта насамрэч прамаўляе Касіяпея. І Анёлак-Галубочак увёў усіх у зман, бо ўсе здзівіліся, з якой радасці Харон пачаў спяваць песенькі. І агульная радасць за Паэта, які

Скачать книгу