ТОП просматриваемых книг сайта:
Эдэм (зборнік). Франц Сіўко
Читать онлайн.Название Эдэм (зборнік)
Год выпуска 2014
isbn 978-985-02-1498-0
Автор произведения Франц Сіўко
Издательство Электронная книгарня
Калі Бронак з чаляднікамі адчынілі яго, графіня ляжала ў міжсценні пад сталом і амаль не дыхала. Столь і кафля на грубцы зачарнелі, пах гарэлай тканіны поўніў пакоі.
Марыю Іпатаўну вынеслі на двор, і там яна, хапіўшы свежага паветра, хутка ачуняла.
Пелагея, даведаўшыся пра здарэнне, толькі паціснула плячыма. Гэта было на яе непадобна, і Бронак вырашыў скарыстаць сітуацыю як зачэпку для размовы. Але яна не адрэагавала. Чаканне новага спаткання з Людвікам цалкам завалодала яе думкамі.
Людвік вярнуўся, як і абяцаў, праз тыдзень, напярэдадні дня Усіх Святых. Была субота, Лазоўскія збіраліся ў мястэчка да касцёла. Царква, што павінна была неўзабаве адчыніцца ў суседняй вёсцы пасля перабудовы з уніяцкай, яшчэ не працавала, і Андрэй Мікалаевіч таксама вырашыў з’ездзіць у мястэчка. Пелагея, якая згарала ад жадання як хутчэй пабачыць Людвіка, паехала з ім.
Спаткаліся ля Юдэлевай крамы. Імша ў касцёле і царкве скончылася адначасова, граф забег па нешта ў краму, а двойка Лазоўскіх якраз спынілася побач.
Людвік, крыху стомлены пасля падарожжа, выглядаў занадта засяроджаным.
Пелагея хацела нагадаць пра мапу, але ён сам загаварыў пра яе. Два дні шукаў такую, якая ёй патрэбна, але ўсё-ткі знайшоў.
– Бачыце, стрымалі слова! – сказала яна жартам і ўпершыню за ўвесь тыдзень гучна, весела засмяялася. – Ну, дзякуй. А то Марыя Іпатаўна мае папаліла якраз.
– Хочаце, падвязу вас аж да Дубраўкі?
– Не-не, – сказала яна і азірнулася на дзверы крамы, з якой павінен быў з хвіліны на хвіліну выйсці Андрэй Мікалаевіч. – Тут паблізу сяброўка мая, Карольця, жыве, дык хочам да яе наведацца.
Дзень пры дні станавілася сцюдзёней. Але настрой у Андрэя Мікалаевіча быў добры: праца на лямусе падыходзіла да завяршэння. Склеп, лядоўня, галерэя – усё было гатова, заставалася толькі набыць гонту для страхі.
Дапамаглі Лазоўскія. Старэйшы Людвікаў брат Валенты, які пасля вайны два гады адсядзеў у фартэцыі ў Дынабургу за помач французам, зараз рабіў у зямельным банку і намовіў лістоў у знаёмага немца. Напярэдадні Задушнага дня шэсць падвод прывезлі іх ад парома, а яшчэ праз чатыры дні дах быў даведзены да ладу.
Цяпер, калі ўсё было зроблена як след, а палеткі прыбраныя, можна было і адпачыць. Напрыканцы лістапада ў Марыі Іпатаўны быў дзень нараджэння, вырашылі яго справіць, запрасіўшы гасцей. Графіні, якая любіла атрымліваць падарункі, ідэя спадабалася.
Падрыхтаваць запрашэнні гасцям даручылі Пелагеі. Яна напісала тэксты прыгожымі літарамі, і ў суботу Бронак іх развёз: два Лазоўскім, павятоваму суддзі Барэйку і ягонай жонцы і Пелагеінай сяброўцы-настаўніцы Карольці.
На пачатку наступнага тыдня Пелагея з Бронакам двойчы з’ездзілі на падводзе ў мястэчка да жыда па бакалею і прэзенты