ТОП просматриваемых книг сайта:
Дыплом на царства. Аркадзь Ліцьвін
Читать онлайн.Название Дыплом на царства
Год выпуска 2015
isbn 978-98590-371-7-7
Автор произведения Аркадзь Ліцьвін
Издательство Электронная книгарня
– Чытай, што там, – загадаў ганцу і той на ўсялякі выпадак адступіў далей ад стала.
Бражына хоцькі—няхоцькі заглыбіўся ў дзяржаўныя таямніцы, час ад часу кідаючы погляды на бліскучае лязо, выстаўленае нібы дзіда ў яго напрамку. «Халера яго ведае, п'янюгу! Раззлуецца на пачутае ды шпаране ў злосці!» Пра тое, ці варта слаць лісты з важнымі паведамленнямі такому чалавеку, і думаць не хацелася. «Гэта ж мог і галавою налажыць, аберагаючы лісты да такой асобы!» Ганец стараўся як найхутчэй скончыць чытанне, але князь раз—пораз спыняў яго з'едлівымі выказваннямі. Як ні дзіўна, самае істотнае хапаў на розум. Відаць усё думана—перадумана, абгаворана з паплечнікамі, штодзень непакоіць войска і яго правадыра, таму і ў ачмурэнні не забываецца.
– Кажаш, кароль кліча на службу? – крычаў князь, нібы гэты ганец і быў тым неразважным і зухвалым каралём. – Пад руку таго карантыша Жулкеўскага? Ён жа польны гетман! І не наш, а каронны! А дзе вялікі? А я тут і польны і вялікі! Князь Раман Нарымунтавіч, апошні нашчадак самога Гедыміна. Скеміў? – князь правёў рукавом па вачах, шмаргануў носам.
Скеміць было не цяжка. Калі пасля пераможнай бітвы пад Гузовам князь прыбыў у Кромы з тысячай конных, царэвіч не мог не ацаніць хаўрусніка. Але толькі з п'янай галавы можна было прызнаць абранне Рамана Нарымунтавіча тутэйшым жаўнерствам на гетмана. Нездарма ж і Ян Сапега ўвесь час не ў згодзе з гэтым князем—гетманам.
– І войска ў мяне тут больш, чым у Жулкеўскага. Нават, калі да яго той упарты Хадкевіч далучыцца, – зарагатаў падвойны гетман. – А ён не захоча!
Шмат супернікаў мроілася князю Ражынскаму, але найбольш непакоіў наступ каралеўскага войска. Калі цар—царэвіч пашле насустрач, што выбраць: кінуць Дзьмітрыя ці бараніць ад караля? Але гэта другое пахне здрадаю, бо пайшоў на Маскву супраць ворагаў царэвіча, і прысягі Жыгімонту 111 не адмаўляў. Вестка пра вайну караля з Масковіяй абурыла большасць тых, хто пайшоў да царыка з Рэчы Паспалітай. Людзі пагулялі б, пагойсалі, нечым разжыліся, а там, Бог бацька, маглі вярнуцца да родных маёнткаў. А перамог бы імпостар, глядзіш, адкрылася б новая магчымасць карміцца. Таму вакол князя Ражынскага згуртавалася большасць, якая была супраць каралеўскай выправы, а пасольства на чале з Мікалаем Мархоцкім выправілася пад Смаленск дамагацца вываду арміі Жыгімонта з маскоўскіх абшараў. Вакол Яна Пятра Сапегі заставаліся тыя, хто быў за перамовы з каралём і незавязванне канфедэрацыі. Але абодва згуртаванні лічылі тушынскага цара—царэвіча непрыдатным да крамлёўскага пасаду і не ўхвалялі намер караля ўскласці шапку Манамаха на ўласны голаў.
– Міласцівы пан псуе нам неблагую гульню! – абурыўся князь, праслухаўшы чарговы кавалак петыцыі. – Калі гэтага шклоўскага ўторкнуць у Крэмль, то кім стане князь Ражынскі? Га?
Запытальны позірк па чарзе спыніўся