ТОП просматриваемых книг сайта:
Дыплом на царства. Аркадзь Ліцьвін
Читать онлайн.Название Дыплом на царства
Год выпуска 2015
isbn 978-98590-371-7-7
Автор произведения Аркадзь Ліцьвін
Издательство Электронная книгарня
– Яснепан Сапега лічыць, што іншага і спадзявацца не варта было. Затое цар—царэвіч Дзьмітры Іванавіч і гэта войска адно аднаму пасуюць, – засмяяўся Малей. – А ўжо з Рэчы Паспалітай ахвочых парабаваць век не злічыш! Думаю, царык і сам не верыць, што захочуць ваяваць у яго абароне.
З наплывам люду неўладкаваны бівак Дзьмітрыя асталёўваўся будынкамі і пачынаў нагадваць паселішча, роўнае якому старому гарадку. Хоць па ўскраінах па ранейшаму гібелі будкі, шалашы і зямлянкі, між невялікіх, але зграбных брусяных ці акоранага бярвення дамкоў выглядалі значнейшыя, пагляднейшыя.
– А што! – тлумачыў паручнік немудрагелісты спосаб тушынскага будаўніцтва. – Нагледзяць у вёсцы хату пазаможней, сям'ю выганяць, зруб сюды перавязуць, вось табе і жытло!
Не хапала хіба толькі царкоўных цыбулін, баярскіх палатаў ды церамоў.
– А гэта харомы «пералётных», – паказаў паручнік, на дабрэнныя прасторныя дамы, сапраўды ў нечым падобныя на палаты.
Заўважыў цікаўны погляд ганца і ўсміхнуўся.
– Баярыну, асабліва з высокага роду, не гожа туліцца абы—дзе. Як пачасцелі іх «пералёты», то і дамкі растуць, як грыбы па дажджы. Вось і патрыярх тут!
– Гермаген? – здзівіўся Бражына. – Ён жа ненавідзіць не толькі лацінства ўвогуле, але і нас і ляхаў?
– Не Герамаген, – засмяяўся паручнік. – Як царыкавы яшчэ ў 1608 годзе Растоў Вялікі рабавалі, то і мітрапаліт растоўскі прыдаўся. Царык вярнуў яму колішні сан і атрымаў уласнага патрыярха, Філарэта. А раней Фёдар Нікітыч Раманаў, быў маскоўскі arbiter elegantiarum, заканадаўца добрага густу.
Крэўная повязь лучыла памерлага Фёдара Іаанавіча толькі са шваграм Фёдарам Раманавым, але распасцерлася шырока: на Раманавых, Фёдара і Аляксандра, на Мсціслаўскага* і найменш на Гадунова, бо паходзіў з подлага роду. Але Гадуноў, як даносілі людзі Андрэя Сапегі, калі і праймаўся гэтым, то не ў страх, а дзеля большай рашучасці. Хітрасцю і розумам дабіўся падтрымкі дваранства і войска, схіліў да сябе просты люд. Раскруціў павальнае шпегаванне і даносы ўсіх на ўсіх. Ад першага дня верасня, пасля каранавання ва Ўспенскім саборы Крамля, цар Барыс мог рабіць з супернікамі, што заманецца. Прыкладам, ганарыўся баярын Багдан Бельскі сваёй барадою, а цар Барыс вазьмі і загадай немцу—лекару вышчыпаць яе па валаску. Што ж дзівіцца, калі пазней той баярын прызнаў уваскрослага царэвіча Дзімітрыя. Як то на Маскве кажацца: долг плацежом красен!
Маскоўскаму фарсуну менш пакут выпала, пастрыглі ў манахі!
– Меў Гадун фантазыю! – усклікнуў Бражына. – А дзе ж Дзьмітрый атабарыўся?
– Ёсць нешта падобнае на палац, пабачыш, а мы акурат даяжджаем.
У рэзідэнцыі Яна Пятра Сапегі месца хапала і людзям і коням.
– Нам сюды, – паказаў паручнік. – У двор пана старасты ніхто няпрошаны не сунецца, – запэўніў ён. – А для чужых усе мы даручэнцы пана Сапегі.
Ганец