Скачать книгу

і – што значна горш – лесные люди – жаўнеры, якія бязмэтна швэндаліся па наваколлі пасля якой-колечы шумнай вайсковай кампаніі. Вось чаму гасподы ў менскіх дварах заўсёды былі заселеныя, і мелася патрэба ў новых.

      У 1628 г. сям’я Мойжэша Давідавіча і Любы Юзэфаўны набыла дом ў мяшчанаў Чаргановічаў, продкі якіх спрадвеку жылі на Нямізе. Дом стаяў адным бокам да сядзібы менскага бурмістра Івана Якімовіча, другім – да дома Грышкі Краўца, тылам выходзіў на іншую вуліцу. Пасля набыцця грунту да жыдоў пераходзіў абавязак плаціць павіннасць і выстаўляць па чарзе падводы для шматлікіх паслоў і ганцоў.

      На Нямізе стаялі не толькі драўляныя дамы, але і камяніцы. Адну такую камяніцу менскі жыд Юда Якубовіч прадаў у 30-х гадах ХVІІ стагоддзя Іллі Гершонавічу і Залману Якубовічу за 5 тысяч злотых. Тэрыторыя каля Замка была не зусім зручная для жытла. Некаторыя пляцы то затапляліся вадой, то некаторы час стаялі пустыя. Адзін такі кавалак зямлі менскі староста і ваявода Пётр Тышкевіч падараваў жыду Марку Яхімовічу і адначасова вызваліў яго на дзесяць гадоў ад усіх гарадскіх павіннасцяў з адной толькі ўмовай – пабудаваць на тым самым пляцы дом. А пасля плаціць адно па 12 літоўскіх грошаў на Замак. Дарэчы, на самой тэрыторыі Замка, на вуліцы насупраць царквы Святое Прачыстае, жылі разам, побач з дамамі Станіслава Залатара і Юрыя Бальвера, жыд Ізраэл Якубовіч з сынам Леўкам и с помочниками своими жыдами и татарами менскими.

      Гэтаксама ад раптоўных пажараў цярпелі ўсе насельнікі горада. Вядома, што кароль Уладыслаў IV Ваза выдаў у 40-х гадах XVII стагодздзя глейтавы (ахоўны) ліст жыдам Марку Яхімовічу і Лазару Маркавічу на вызваленне на 3 гады ад выплаты крэдыторам у сувязі з пажарам, бо у их усе згарело, и пришли они да такого убоства праз менски пожар. Той самы Марк Яхімовіч трохі раней атрымаў дазвол ад кіеўскага і галіцкага мітрапаліта Іосіфа Руцкага на карыстанне нівай па дарозе на Лошыцу поводле вячыстай куплі ад мяшчанаў

      Андрэя і Івана Маслянак, аднак жа з умовай штогадовай выплаты грашовага падатку на рускі шпіталь пры Саборнай царкве ў Менску.

      Дарэчы, справа з нямігскімі жыдамі, слугамі Льва Сапегі, на тым не скончылася, а мела даволі тыповы працяг. Неўзабаве пасля першага здарэння абодва былі абвінавачаныя тым самым Янам Трацэўскім, які ўсё яшчэ не пакінуў горад, а стаяў гасподаю ў мешчаніна Васіля Чаргановіча на Нямізе, у спробе рытуальнага забойства хлопчыка на той жа вуліцы, ды яшчэ паклікаўшы на помоч многа жыдов. Калі талеранцыя была ўласцівая шляхетнаму Льву Сапегу, то шляхціц Ян Трацэўскі свята верыў у поганство народу жыдовского, которы непрыятелем есть народу хрестиянскому. Менскі суд апраўдаў жыдоў і забараніў Яну Трацэўскаму звяртацца з апеляцыяй да Галоўнага Трыбунала.

      У судовых канцылярыях жыды, падаючы скаргі ці апеляцыі, пісалі писмом жыдовским, а ўжо пісар выкладал подпис обрейски на мову звыклую, пры гэтым рука ягоная часам мімавольна крэсліла на паперы кірылічныя ці лацінскія літары на жыдоўскі ўзор.

Скачать книгу