Скачать книгу

на сабе. – Ды не палохайся адразу… Двое сялян ішлі ноччу з царквы і ўбачылі, як падае аэраліт… Вырашылі, што гэта неадменна ззяе золата, якое нясе хаваць цмок. Сабралі грамаду і пайшлі капаць прыблізна на тое месца, куды нябёсны агонь упаў. Капалі па начах і наторкнуліся на цвёрдую пліту. Ну ўсё, думаюць – скарб! Але пакуль расчысцілі, пліта знікла. Вырашылі – чараўніцтва, і пабеглі да крывой Лукер’і. Памятаеце, якая ў скрайняй ад лесу хаце жыве?

      Пранціш прыпомніў, як падчас візіту ва ўладанне сяброў, якія так і не патрапілі збудаваць там сабе прыстойную сядзібу, ім усе раілі пра надвор’е даведвацца не па замежнай штуковіне “барометры”, а ў нейкай Лукер’і, якая як у ваду глядзіць.

      Невядома, у якую ваду глядзела Лукер’я цяпер, але запэўніла, што грошы ёсць, толькі трохі на захад ад яміны. І выкопваць іх неадменна трэба ў час поўні, пасля таго, як два разы прапяюць пеўні. Што напачатку трапіцца вялікі камень, тады смецце, тады чорныя чарапкі, тады мядзяны кацёл з золатам. Сведкі няўцямна мармыталі яшчэ пра сабачую галаву, якую належала закапаць на месцы катла. Хітры сродак перавесці праклён, каб той, хто выкапае золата, галавой не наклаў.

      Абнадзееныя мужычкі ператварыліся ў кратоў яшчэ на месяц… Пакуль агонь, які яны палілі ў яміне, не заўважылі з суседняй вёскі. Ясная справа, і там вырашылі – скарб знак падае! Непадалёк ад караблёўскіх іншая кампанія таксама давай капаць яміну… А вядома, чым больш людзей – менш таямніцы. І абедзве банды арыштавалі. Выявілася, што шчыравалі яны на месцы цагельні, вось і сустракаліся “пліты” з рассыпанай цэглы ды застылая гліна… І давай адны вінаваціць другіх у тым, што чараўніцтвам золата адвялі!

      Карацей, каб спыніць справу, грошай пані Саламеі давялося ляснуць, відаць, столькі, колькі скарбашукальнікі спадзяваліся выкапаць.

      – Так што нікога не спалілі, не пасадзілі…

      Доктар вінавата прыабняў жонку, відаць, падумаўшы, колькі давялося ёй адной перажыць падобных турботаў… А Пранціш мімаволі адвярнуўся да акна, за якім прасявалася сонца праз травеньскую наіўна-зялёную лістоту: каб усё склалася іначай, ён і сам зараз трымаў бы за руку жонку і зазіраў у зялёныя русалчыны вочы, што ўмелі выпраменьваць такую любасць… Дзе тая Раіна Міхалішыўна, былая акторка слуцкага тэатра і асістэнтка вандроўнага авантурыста графа Батысты? На якой сцэне выплятае інтрыгі ды танчыць на вуголлях?

      Парсючок зусім паспеў астыць, калі ў суправаджэнні цэлай світы лёкаяў нарэшце заявіліся госці, кленучы нетрывалыя масты лангедокскіх узвышшаў. Пранціш абодвух прыхадняў любіў, як дзірку ў новым боце. Барон Мішэль дэ Вард, немалады, расплывісты, з вечнай паблажлівай усмешкай, не хадзіў, а насіў сябе, важна абапіраючыся на ўпрыгожаную дыяментамі ды рубінамі кульбачку. Такія сытыя напудраныя фізіяноміі можна ўбачыць на асамблеі шэрагамі, як спелыя гарбузы на градзе… Калі б не вочы. Светлыя, як лёд, але занадта пранізлівыя. Застрашліва пранізлівыя для спешчанага арыстакрата былі вочы ў барона дэ Варда… Падобныя Пранціш бачыў у некалькіх чалавек –

Скачать книгу