Скачать книгу

не ўдалося, і зусім дабрачынна мне іх перадалі! Трэба толькі зразумець, як на гэты орган уздзейнічаць – і хворыя, раней невылечныя, ацаляцца!

      – Не дай Гасподзь мне так ацаліцца, як вы некаторых ацаляеце, – скрозь зубы прагаварыў Вырвіч. Лёднік нечакана сумеўся, перахрысціўся, бляск у ягоных цёмных вачах прыгас.

      – На жаль, лекар – не Гасподзь… Здараюцца памылкі, няўдачы… Трэба працаваць, даследаваць…

      – Ці не тых небаракаў даследаваць, што знікаюць у бедных кварталах Ліёна, а потым іх знаходзяць з прабітымі чарапамі? – злосна прагаварыў Пранціш, і Саламея здрыганулася, з жахам падняўшы вочы на мужа. Але той шчыра абурыўся.

      – І ты туды ж, Вырвіч! Выпускнік Віленскай акадэміі! Як можна патураць забабонам цёмнага натоўпу! Гэта брудныя чуткі, якія распускаюць праціўнікі прагрэсу! – перавёў вочы на жонку, вусны яго пакрыўджана здрыгануліся. – Ты што, Залфейка? Ды я лепш сябе заб’ю, чым чалавека дзеля доследаў замучаю. Я раблю аперацыі – толькі калі сапраўды іначай не дапамагчы. Да таго ж чалавек – істота кволая і неасцярожная, небарак з прабітымі галовамі кожны дзень у бальніцу возяць, практыкі хапае. А так… Як і ўсе калегі, на пацуках эксперыментую… Нябожчыкаў ускрываю – на анатамічны тэатр маецца дазвол. Тут не ставяць на магілы жалезных “ахоўнікаў смерці”, як у Шатландыі.

      Сапраўды, звычай шатландцаў накрываць магілы жалезнымі кратамі пачалі пераймаць па ўсім свеце, бо чым больш пладзілася студэнтаў-медыкусаў, тым больш квітнеў бізнес выкрадальнікаў трупаў.

      Вырвіч выразна скрывіўся, але не паспеў выказацца, бо Саламея з жахам ускрыкнула, гледзячы ў кут пакоя. На фоне цёмнай шафы вымалёўвалася маленькая фігурка Лёдневічанкі ў белай, месцамі, праўда, ужо завэдзганай, кашульцы. Паненка з цяжкасцю трымала перад сабой жоўты чэрап, занадта прыплюснуты, каб належаць звычайнаму чалавеку, і цікаўна ўзіралася ў разгубленыя пустыя вачніцы.

      – Дзядзя!

      Сафійка прагаварыла гэта вельмі задумліва проста ў пляскатае касцістае аблічча новага сябра, не падазраючы, што нагадвае аднаго нерашучага дацкага прынца. Лёднік рынуўся да дачкі і выхапіў з тоненькіх, далікатных, як пялёсткі пралескі, ручак чарговы трафей.

      – І як яна яго выцягнула з шафы? Гэта ў пячоры знайшлі, са слядамі трэпанацыі… Выкупіў быў…

      – Аддай дзядзю!

      Ад адчайнага плачу юнай Лёдневічанкі скалануліся нават цяжкія кніжныя шафы з цёмнага моранага дубу, а васковыя муляжы ледзь не заварушыліся.

      – Што здарылася з мадэмуазэль Сафі? – пачуўся вясёлы голас мадам Жулі, нізенькай пухленькай францужанкі – здаецца, не ходзіць, а коціцца, – якую Лёднікі нанялі дапамагаць па гаспадарцы. – Што нарабіла неслухмяная мадэмуазэль, пакуль Жулі мусіла збегаць на рынак?

      Усе з палёгкай уздыхнулі. А Сафійка сумленна зірнула на прыслугу вялізнымі вачанятамі-вішанькамі і, выціраючы ўпэцканыя далонькі аб калісьці бялюткую кашульку, вымавіла яшчэ два чароўныя словы:

      – Палдон, мадам!

      Так,

Скачать книгу