ТОП просматриваемых книг сайта:
Прыгоды Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфэдэрата. Людміла Рублеўская
Читать онлайн.Название Прыгоды Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфэдэрата
Год выпуска 2015
isbn 978-9-85903-776-4
Автор произведения Людміла Рублеўская
Серия Электронная кнігарня
Издательство Электронная книгарня
Пранціш з цікавасці пасунуўся паглядзець на ацалёную канечнасць: усё-ткі Лёднік у свой час і Вырвіча спрабаваў далучыць да лекарскага майстэрства і за падобныя аперацыі браўся з цікавасцю. Любіў, як казаў, “тонкую працу”… І ў былога каралеўскага драгуна пераняло дыханне. Ён мімаволі ўхапіў караткапалую руку шэвалье, наблізіў да вачэй: гэткі спосаб сшываць раны, каб заставалася менш шнараў, вынайшаў сам Лёднік. А вось так замацоўваць сухажыллі – гэта ўвогуле адмысловы штрых Бутрыма. Ён сам Пранцішу гэты прыёмчык паказваў, а той так і не засвоіў.
Няўжо Бяскоўскага навучыў?
Вырвіч пастараўся вярнуць твару бесклапотны выраз і ўчапіўся ў купчыну, як дзядоўнік за сабачы хвост. Язык у драгуна быў падвешаны добра, за жарцікамі ды цікавымі гісторыямі пра шляхецкія бойкі ды сваркі шэвалье дэ Сягюр і не заўважыў, як апынуўся ў карчомцы з двума кубкамі віна на стале і вясёлым настаўнікам фехтавання насупраць. І вось ужо яны п’юць за здароўе цудадзейнага доктара Бяскоўскага! І як жа гэты доктар шаноўнага шэвалье лекаваў?
Новаспечаны арыстакрат распавядаў з задавальненнем. Напачатку нечага выпіць далі, пякучае і язмінам пахне – далібог, вашамосць, рыхтых той язмін у маладосці, у траўні, калі вечарам у кустах з красачкай сваёй цалуешся! І галава гэтак жа закруцілася, у вачох сцямнела. Але нешта самлелы Жак кеміў. Прынамсі, пабачыў, як доктар Альфонс Бяскоўскі апрануў белы балахон і шапачку, і твар укруціў хусткай ажно да вачэй, бы сарацын – гэта ад заразы перасцераганне, як патлумачылі купчыне пасля. Потым доктар выйшаў з пакоя, а калі вярнуўся, адразу давай шэвалье мацаць, галаву яму туды-сюды круціць, ды прасіпеў, што мала абязбольваючага далі, пацыент пры памяці. І сам у яго новую порцыю атруты язмінавай уліў, ад якой усялякае пачало мсціцца. Напрыклад, што вочы месье Альфонса пачарнелі. Як? Ну, цёмнымі такімі сталі, аж страшна. А потым перад свядомасцю небаракі Жака як заслонку апусцілі, адплюшчыў вочы – ужо рука закручаная ў марлю, доктар Бяскоўскі ўсміхаецца, і вочы ў яго, як і былі, вадзяніста-зялёныя.
Жак, падумаўшы, дадаў, што ўсё добра, але час ад часу галава пачынае балець – як малаточкамі ў скроні калоціць, ды перад вачыма пчолы залатыя лётаюць. Доктар сказаў – пройдзе, гэта ад лекаў наступствы.
Купчына прыкончыў яшчэ адзін келіх вінца, а Пранціш моцна задумаўся. Было над чым.
Вырвіч разведаў, якія самыя складаныя аперацыі адбыліся за апошнія тры месяцы ў доме дэ Варда стараннямі Бяскоўскага. Большасць шчасліва ацалённых памяталі пра лячэнне не больш, чым заяц пра подзвігі князя Вітаўта – добрае абязбольваючае ім давалі. Пранціш не сумняваўся, менавіта тое самае, што Лёднік вынайшаў – драгун, калі заходзіўся да старэйшага сябра, дастаткова нанюхаўся язмінавага паху, што даносіўся з лабараторыі. Мусіць, пакінуў Бяскоўскаму рэцэпт.
Затое яшчэ два