Скачать книгу

што я адразу ж прымроіў рэзкую развязку прыдуманай футбольнай баталіі: супернік, які толькі што бег недзе за плячыма, апынаецца проста перада мной, і да таго ж у баксёрскіх пальчатках, апранутых не дзеля прыгажосці. Пытаннем пра Гары Потэра візітоўца даў мне зразумець, што казкі я магу баяць, але верыць у іх ён не збіраецца, як, зрэшты, і не збіраецца пераязджаць мяне камбайнам.

      – Вы, безумоўна, маеце права верыць у рэінкарнацыі, лётаць на мятле ці мець падобна аднаму з Ілжэдзімітрыяў сваё ўласнае пекла – гэткі луна-парк навыварат, – прамаўляў Відаў-Вошчанка. – Вы нават можаце верыць у тое, што Святагор не ўвесь памёр, а недзе лёг спачыць. Але пры ўсім пры тым было б не кепска, каб вы нам дапамаглі канструктыўным супрацоўніцтвам.

      – Вы хочаце мяне ўзяць да сябе на працу? – насцярожана, як вожык перад сцяной радыеактыўнага туману, спытаў я.

      – Ну, што вы! – дзіўнавата схамянуўся Сяргей Аляксандравіч і накінуў на твар трагічную маску з запасаў старжытнагрэцкага тэатру.

      Мяне ўвадначас стала пляжыць дураслівае пытанне: супрацоўнікам КНАКС выдаюць адразу гатовыя маскі ці толькі тэатральныя грошы, каб з маскамі яны расстараліся самастойна ў ходзе непасрэднай работы.

      – У вашым канкрэтным выпадку гаворка ідзе аб разавай дапамозе. Прынамсі, на дадзены момант, – патлумачыў госць.

      – І вы думаеце, я нешта ведаю пра «Кангрэгацыю кібернетычных байцоў»?

      – Ёсць меркаванне, што секта можа цікавіцца вамі.

      – З якой такой радасці? – перасмыкнула мяне ад неспадзяванкі.

      – Яны шукаюць аднарога. А вы з’яўляецеся ці не адзіным на ўсю рэспубліку спецыялістам па аднарогах. Цудоўная публікацыя ў газеце «Над шумам дзён» – добрае таму пацверджанне.

      Мае вочы не проста палезлі на лоб – яны з’ехалі туды хуткасным ліфтам.

      – Гэта была ўсяго толькі літаратурна-гістарычная містыфікацыя і не больш, – з вышыні хмарачоса свайго здзіўлення спрабаваў запярэчыць я.

      – Не мне вам тлумачыць, што містыфікацыі маюць неверагодную здольнасць абарочвацца рэальнымі наступствамі. Згадайце хаця б «Пратаколы сіёнскіх мудрацоў» ці псеўдадакументальную радыёпастаноўку рамана «Вайна сусветаў» Герберта Уэлса… – І чым жа маё эсэ пра аднарогаў магло натхніць удзельнікаў хакерскае секты? – скочыў я з хмарачосу здзіўлення ў басейн скептычнасці. – Навошта ім аднарог пры іх веры ў свет як кампутарную сімуляцыю? Дый, што значыць шукаць аднарога, калі такіх жывёл не існуе?

      – Хакеры могуць палічыць вас за чалавека, які далучаны да сакральных ведаў, – спакойна, нетаропка, нібы збіраючы рассыпаны ў пясок мак, тлумачыў ён. – Аднарог тут паўстае як метафара для азначэння якраз такога чалавека. Вы прыводзілі ў сваім эсэ вытрымку з сярэднявечнага трактата пра галоўны спосаб палявання на аднарога: «панну цнатлівую прывесці ў лес, абы звер, усчуўшы пах ейнай беспахібнасці, зызволіў прыйсці голаў свой пакласці ёй на ўлонне, аддаючыся у цянёты лоўчых». Удзельнікі секты перакананыя, што падчас апускання аднарога да ног дзяўчыны

Скачать книгу