Скачать книгу

рана засталася сіратой. Злая мачыха забараняе ёй сустракацца з любым. Паэма напісана ў форме плачу-галашэння спакутаванай душы, якая трывожыцца за лёс каханага, нагадвае плач Яраслаўны на гарадской сцяне ў Пуціўлі. Гэта сведчыць аб несумненным таленце стваральніцы і трываласці мастацкіх традыцый “Слова пра паход Ігаравы” ў беларускай літаратуры. Назва прытока Нёмана Устронь стала псеўданімам аўтаркі, сапраўднае імя якой, гады нараджэння і смерці невядомы.

      З глыбінь народнага жыцця нараджаліся творы, аўтары якіх пад сваімі імёнамі, пад псеўданімамі распавядалі пра лёс і лад думак беларуса.

      Адным вершам вядомы пісар Віцебскай палаты дзяржаўных маёмасцей Э. Карафа-Корбут, які запісаў у альбом свайму паплечніку А. Вярыгу-Дарэўскаму наступныя радкі (“К дудару Арцёму ад наддзвінскага мужыка”):

      Грудзяй цэлай гудзі смела

      На увесь мужыцкі свет, —

      Што пасееш, будзе цэла;

      Будзе некалі і цвет…

      За ўдзел у паўстанні 1863–1864 гг. пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага Э. Карафа-Корбут быў сасланы ў Сібір.

      Яшчэ больш трагічны лёс “дудара Арцёма”. Арцём Вярыга-Дарэўскі (1816–1884) быў кіраўніком атрада паўстанцаў на Віцебшчыне ў 1863 г., наладзіў кантакты з арганізацыяй “Зямля і воля”. За гэта быў сасланы ў Сібір, куды разам з ім адправілася яго дачка Габрыеля. У ссылцы, якая доўжылася больш за 20 гадоў, паэт і памёр. Захаваўся “Альбом Арцёма Вярыгі-Дарэўскага”, куды запісваліся беларускія вершы: “Бяседа над Нёманам”, “Дзіця дзвюх матак”, “Скромны ў бяседзе не страціць”, “Яшка і Цімошка” і інш.

      У альбоме-альманаху пакінулі свае запісы В. Дунін-Марцінкевіч, яго дачка Каміла, А. Кіркор, згаданы ўжо Э. Карафа-Корбут, У. Сыракомля.

      Адам Ганоры Карлавіч Кіркор (1818–1886) быў выдатным літаратурным крытыкам, выдаўцом, літаратуразнаўцам, фалькларыстам, публіцыстам, заснаваў у Вільні салон, вакол якога групаваліся літаратурныя сілы. Усё шырэй станавілася кола беларускіх пісьменнікаў. А. Кіркор стаў членам-карэспандэнтам Імператарскага археалагічнага таварыства, напісаў нарысы па гісторыі беларускай літаратуры ў кантэксце славянскіх літаратур – кнігу “Пра літаратуру братніх славянскіх народаў”, ён жа адзін з аўтараў “Живописной России”.

      Вінцэсь Каратынскі (1831–1891) – паэт з мужыкоў, нарадзіўся ў в. Селішча Карэліцкага раёна. Працаваў хатнім настаўнікам, быў сябрам і сакратаром У. Сыракомлі. Выдаў кнігу вершаў на польскай мове “Чым хата багата, тым і рада” з відавочным беларускім каларытам і скіраванасцю да стыхіі народнага жыцця. Беларускія вершы паэта мелі выразную песенна-народную аснову. У адным з іх – пад назвай “Туга на чужой старане” – чуецца боль па роднай старонцы:

      Ой, саколка, ой, галубка!

      Не пытайся, не, —

      Што мне тошна, мая любка,

      Ў гэтай старане…

      Я ж зямліцу меў радную,

      Быў свабодзен сам.

      Ох, ці днюю, ці начую, —

      Я ўсё там ды там.

      Яшчэ

Скачать книгу