Скачать книгу

памрэ… Я страсянаю галавой, адганяючы страшную думку… Да вакацыяў засталося два дні. Магчыма, дзерык і не злапае чувакоў; пасьля вакацыяў люк зачыняць на замок і пра Мішкаву вандроўку ўсе забудуцца – з гэтай шчаснай думкай камнем панурваюся ў вір трывожнага сну; і вось ужо бачу школьны дворык і чую тужлівы гуд машыны… па гуку пазнаю разьдзяўбаны Газ-51, на якім дзесяціклясьнікі вывучаюць аўтасправу, і які штодня езьдзіць па школьным двары… мутны чад засьціць вочы і немагчыма ўгледзець – хто гэта там едзе ў кодабу машыны… выціраю вочы далонямі і пазнаю Бздунчонка… «газон» павольна едзе па двары… я сыходжу ўбок, каб даць яму дарогу і ў гэтае імгненьне дзерык стукае кулаком па кабінцы і, выставіўшы руку, гарлае: – Вунь яны!.. толькі цяпер заўважаю Галузу з Шутовічам, якія ўзьбіраюцца па пажарнай лесьвіцы… нечакана Галуза, што ўздымаецца першым, зрываецца, ляціць долу… я спалохана ачомваюся і грудзіну кранае прыкры холад… Пануе ціша, ад якой закладае вушы і кружыцца галава. У мяне такое адчуваньне, што я лячу на арэлях.

      – Ма!

      – Што, дзетухта! – маці, у сваёй падзёртай начной кашулі, падбягае да канапы, мацае маю вільготную чупрыну. – Увесь жа ж мокры… зараз цябе пераапрану.

      – Ну, як ён там? – пытаецца праз якую хвіліну бацька са спальні.

      – Сьпі ты ўжо… – маці сьцягвае зь мяне мокрую майку, насоўвае сухую, прымушае ўзьняцца з канапы. – Пастой крыху, бялізну памяняю.

      Я стаю, не адчуваючы пад сабою ног, потым падаю на канапу – маці нават не пасьпела заслаць новую прасьціну, – і маё бязважкае цела ляціць ў кірунку цёмнай спаруды з адзіным сьветлым вакном пасярэдзіне. Асьветлены прастакутнік павялічваецца ў памерах і ў душы нараджаецца адчуваньне шчасьця: цётухна-вахцёрка сядзіць, схіліўшы сівую галаву, і ў руках яе цьмяна бліскаюць вязальныя пруткі.

      Патрыцый

      Данілу Жукоўскаму

      Сумным восеньскім днём празаік Аскольд Марцэвіч сядзеў за кампутарам і пісаў чарговы аповед. Сівенькае, алавянай водцені паўсьвятло цадзілася ў вокны, наганяла дрымоту, крывіла абамлелым позехам пісьменьніцкі рот і Аскольд, штохвілі зяхаючы, крэкаў ды паціраў задумліва-маршчыністы лабешнік. І пасьля кожнага такога позеху кот Патрыцый, які спаў спаў за кампутарам, варушыў вухам і ціхенька вякаў.

      Аскольду не пісалася: захрас на самым адказным эпізодзе, і ўваччу ўжо другі дзень запар брыніў напісаны заўчарашнім вечарам дыялёг.

      – Ты мяне гоніш? – Андрэй споўз з канапы, укленчыў перад Наташай, крануўся вуснамі дзявочага калена.

      – Не, толькі ня гэта! – Наташа прыхапілася, таропка абцягнула спадніцу.

      – Наташа, я магу разьвітацца з жыцьцём, але не з надзеяй… надзеяй бачыць цябе побач…

      – Андрэй, ня трэба… – дзяўчына ўспыхнула, мелькам зірнула на гадзіньнік.

      – Ты кагосьці чакаеш? – Андрэй цяжка, як прыціснуты цяжарам Атлянт, падняўся на ногі.

      – Я чакаю Аблонскага…

      Далей пісаніна ня йшла. Герой аповесьці разьвітваўся з сваёй каханай, мусіў

Скачать книгу