Скачать книгу

хвіліну шматлікія сляпучыя маланкі нарэшце разбудзілі разамлелае ад летняй спёкі неба і цяпер, як згаладалыя лютыя звяры, ірвалі яго на часткі. Паднябессе прамянілася сотняй, тысяччу асляпляльна-белых феерверкаў, сіняватае трапяткое святло разлілося па пакоях, запахла азонам… Перапалоханыя непагаддзю палюбоўнікі знерухомелі і, быццам манекены, застылі пасярод спальні.

      – І даўно ты з ёй? – крыкнуў Алесь, але Андрэй не пачуў: аглушальны гром праглынуў і словы, і вулічны шум, і ўвесь горад. – Ажаніўся на сваю бяду! – скрозь зубы працадзіў Алесь, махнуў рукой, невядома чаму падняў скуранку і выйшаў, моцна бразнуўшы дзвярмі.

      На вуліцы праліўны дождж у нейкі момант здаўся жыватворным, але не было ў ім той ачышчальнай сілы, што радасцю магла напоўніць спусцелую душу, вярнуць прыніжаны мужчынскі гонар, супакоіць неўтаймаваныя пачуцці, абражаныя здрадай. Паветра не хапала. Алесь адчайна ірвануў кашулю на грудзях і закрычаў ва ўсю моц:

      – Лю-дзі-і-і!.. Паглядзіце на раганосца!..

      На яго помслівую крыўду адгукнулася толькі навальнічнае неба ярасным, грукатлівым громам, але і ў яго гнеўных перакатах Алесь пачуў улюбёныя Андрэевы словы: «Пер-р-рацерці сітуацыю… бар-р-рдэль…»

5

      Тое, што адбывалася ў зале суда, было падобна на казку. На пытанне ашаломленага суддзі: «Хто Вы?» – губы невядомага кранула белазубая ўсмешка: «Андрэй Іванавіч Лісаў, брат-блізнюк Алеся Пятровіча Гурскага. Так што памылачка, грамадзянін суддзя, выйшла… На фотках я, і цяпер трэба неяк перрацерці сітуацыю… Нельга дазваляць прайдзісветам ператвараць суд ў бар-рдэль…» – ён зняў кашулю: на правым плячы была татуіроўка ашчэранай пашчы тыгра.

      У той памятны дзень душа Алеся напоўнілася яшчэ неспазнаным радасным усведамленнем таго, што на агромністым белым свеце ён не адзін, у яго ёсць родны брат, падобны на яго, як дзве кроплі вады, гэткі ж высокі, русавалосы, шэравокі, шырокі ў плячах. Гурскаму, выхаванцу дзіцячага дома, гэткае магло прысніцца толькі ў чароўным сне.

      Радасці ніколі не бывае многа, і ў Алеся раптам зацеплілася надзея: а што, калі і маці з бацькам жывыя і ўсе гады шукалі свайго сыночка? Ад уяўлення закружылася галава. Сёння ён паверыў бы і Дзімку, дзетдомаўскаму сябруку, як некалі, зусім маленькім, верыў яго аповедам пра тое, што іншапланецяне хітрыкамі заманілі іх бацькоў на лятаючую талерку і сілком вывезлі на сваю планету на экскурсію. Але хутка настане той час, калі экскурсія скончыцца, таты і мамы вернуцца і ўсе дзеці будуць жыць дома. Алесь часта ўставаў начамі, падыходзіў да акна і з заміраючым сэрцам глядзеў у зорнае неба. Калі бачыў мігатлівыя, чырвоныя агеньчыкі, вочы міжвольна напаўняліся слязьмі, вусны шапталі адно: «Мамачка, я тут, забяры мяне…» Маці не прыляцела, а ён праз свае начныя сядзелкі ля акна атрымаў мянушку Лунацік.

      Цуда не адбылося ні тады, ні цяпер. У зале суда Андрэй пераказаў гісторыю, якую даведаўся з перадсмяротнага ліста прыёмнай маці. Парадзіха адмовілася ад дзяцей яшчэ ў радзільным доме, а разлучылі блізнят,

Скачать книгу