Скачать книгу

што ў шкапчык каля плiты, што на падваконне. Гаспадар аказаўся чалавекам упартым i па-старэчы крыўдлiвым. Ён адразу заявiў, што яму ёсць што сказаць, але нiчога гаварыць не будзе, пакуль «прадставiцель кампетэнтных органаў» не пап’е з iм гарбаты. Хмары нiчога не заставалася, як падпарадкавацца i моўчкi чакаць, калi стары зменiць гнеў на лiтасць.

      – Значыць, органы зацiкавiлiся суседкай з сорак пятай кватэры? – здаволiўшы самалюбства, здалёк пачаў стары.

      – Так, – кiўнуў Хмара.

      – Ну i правiльна робiце, што цiкавiцеся.

      – Коля! – Фiлiпаўна прыпынiлася каля стала з цэлафанавым мяшэчкам грэчкi ў руках, шматзначна зiрнула на мужа.

      – Што Коля? – бразнуў лыжкай аб стол гаспадар. – Мне восемдзесят пяць, i за столькi гадоў больш дурной бабы, як Галька, не сустракаў.

      – Можа, яшчэ ўсё наладзiцца, – патупiлася гаспадыня, вiдавочна, дакараючы сябе, што зачапiла мужа.

      – На-ла-дзiцца! – шапялявячы, перадражнiў жонку гаспадар. – Ад дабра дабра не шукаюць… А Гальцы ўсяго мала… Баба-гром… Такога чалавека Бог паслаў, а яна хвастом, як…

      – А ты языком, як памялом! – зазлавала Фiлiпаўна. – Пашкадуй слых маладога чалавека.

      Гаспадар прымоўк, слепавата зiрнуў на Хмару i, збiраючыся з думкамi, на нейкi час сцiшыўся, моўчкi дапiў астылую гарбату. Жонка зноў напоўнiла ягоны кубак.

      – А для органаў iнфармацыя будзе такая… – стары кiнуў у кубак кавалачак цукру, трошкi павагаўся i паклаў яшчэ адзiн. – Галька, хоць i бядовая, але баба неблагая, iншым разам нават добрая. Змоладу ўсё жанiхоў перабiрала, а як трыццаць булькнула – хахаляў… Але нiхто i не прыжыўся, цяперака – нi мужыка, нi хахаля… Ды i я з такой не жыў бы, – нечакана зрабiў выснову гаспадар i, задзiрлiва паглядзеўшы на жонку, падмiргнуў Хмары.

      – Цьфу ты! – плюнула старая. – Зусiм з глузду з’ехаў! Ва ўборную сам не сходзiць, а падмiргвае!

      Стары насупiўся i надоўга замаўчаў. Хмара цярплiва чакаў, але ў нейкi момант варухнулася сумненне, што дарма трацiць час, слухаючы старога маразматыка. Тое, што следчы маўчыць i не задае пытанняў, гаспадар ацанiў па-свойму.

      – Ты раскажы пра апошняга ўхажора, – паспрабавала схiтрыць гаспадыня, яна, вiдавочна, хвалявалася, i такая падказка выглядала па-дзiцячы наiўнай. – Напэўна, з-за яго чалавек i прыйшоў.

      – Не ўмешвайся, – зласлiва буркнуў стары, – дойдзем i да апошняга, трэба па-парадку, органы павiнны ведаць усю карцiну… А даўжэй за ўсiх пратрымаўся з Галькай наш Iван Мiкалаевiч…

      «Ну, нарэшце, – узрадавана падумаў Хмара. – Вiдаць, Шапавалава тут добра ведалi i цанiлi, калi называюць поўным iмем».

      – Золата, а не чалавек, – iмгненна дала характарыстыку Шапавалаву гаспадыня.

      – Што праўда, то праўда, – падтрымаў жонку стары.

      – Iван Мiкалаевiч Вам радня? – удакладнiў Хмара, нязмушана падштурхоўваючы размову ў патрэбны накiрунак.

      – З чаго Вы ўзялi? – насцярожыўся стары.

      – Вы самi сказалi «наш Iван Мiкалаевiч».

      Гаспадар на хвiлiну задумаўся, пачмокаў губамi, адсунуў ад сябе кубак з гарбатай.

      – Я ў пераносным сэнсе, – стрымана

Скачать книгу