Скачать книгу

каханка?

      – Мы не даведаемся, што iм кiравала, – раздражнёна прагаварыў Хмара; слухаючы i назiраючы за Мiкулiчам, лейтэнант нечакана засумняваўся ў легендах, якiя чуў пра гэтага чалавека. – Шапавалаў мог прыйсцi ў клуб i каб напiцца, i каб патанцаваць, i каб сустрэцца з палюбоўнiцай.

      – Толькi не памерцi! – задаволена ўскрыкнуў праставаты Мiкулiч. – Таму я i хачу, каб Вы знайшлi сапраўдную прычыну i дакладна высветлiлi: чаму хворы Шапавалаў аб’явiўся ў клубе?

      – І гэта ўсё? – шчыра здзiвiўся Хмара.

      – Не так i мала, – усмiхнуўся Мiкулiч i лагодна прабурчэў: – Я згодны з афiцыйнай версiяй, толькi Шапавалаў не быў разухабiстым мужыком, цанiў сваё здароўе i асаблiва – заробленую капейку… Тая ж Александровiч, калi заўважылi, назвала палюбоўнiка «прыжымiстым мужыком».

      6

      Пошукi Александровiч пачалiся з нейкай незразумелай таямнiчасцi. Хмара спярша пазванiў дадому, але тэлефон упарта маўчаў, а на працы мiлагучны жаночы голас млява паведамiў, што ў фiрме «Венера» Галiна Вiктараўна Александровiч не працуе i нiколi не працавала.

      «Але ж у пратаколе допыту значыцца зусiм iншае… Што падштурхнула каханку Шапавалава да хлуснi? – разважаў Хмара. – Чаму яна ўзгадала фiрму “Венера”? Наўмысна замоўчвае месца сапраўднай працы? Магчыма, але навошта такая дакладнасць, ды яшчэ пасаду пазначыла – кансультант?» Хмара яшчэ раз патэлефанаваў у «Венеру» i паспрабаваў высветлiць, чым займаецца фiрма. У адказ усё той жа мiлагучны голас завучана i з непрыхаваным юрлiвым пачуццём працытаваў:

      Калi ў вас праблемы з сексам

      I каханне толькi ў сне,

      Вы прыходзьце у «Венеру»,

      Знiмем мы праблемы ўсе…

      Гэтае вершаванае тлумачэнне падзейнiчала лепш, чым Мiкулiчавы хiтраватыя намёкi на паглыбленую праверку смерцi Шапавалава. Праз гадзiну Хмара быў на вулiцы Танкавай i хутка знайшоў дом і пад’езд, дзе жыла Александровiч. На ўваходзе Хмара звярнуў увагу на перапоўненую газетамi паштовую скрынку. Было вiдавочна, што Александровiч даўнавата не наведвалася па гэтым адрасе. Здагадка пацвердзiлася, i лейтэнанту нiчога не заставалася, як гаварыць з суседзямi.

      На лесвiчнай пляцоўцы месцiлiся чатыры кватэры, але толькi ў адной адазвалiся на званок. Хмару непамерна доўга i прыдзiрлiва вывучалi праз вочка, за дзвярамі чуўся шэпт i старэчы кашаль. Лейтэнант нецярплiва зноў нацiснуў на кнопку званка, выцягнуў з кiшэнi мiлiцэйскае пасведчанне i, разгарнуўшы перад самым вочкам, строга сказаў:

      – Я з мiлiцыi, хачу задаць некалькi пытанняў.

      Пасля гэтых слоў на нейкi момант запанавала цiшыня, потым зноў данёсся шэпт, i нарэшце шчоўкнуў замок, дзверы прачынiлiся, але роўна настолькi, наколькi дазваляў серабрысты ланцужок. У шчылiне з’явiлася сухая, жоўтая, быццам з воску, рука.

      – Дай дакумент, – рэзкавата загадаў нябачны гаспадар i надрыўна закашляўся.

      Хмара без ваганняў паклаў пасведчанне на дрыжачую далонь, якая iмгненна знiкла, шчоўкнуў замок. Лейтэнант цярплiва чакаў. Нарэшце дзверы адчынiлiся, i ўсё той жа голас запрасiў:

      – Праходзьце.

      У вузкiм, як размiнуцца дваiм, калiдорчыку

Скачать книгу