Скачать книгу

жыць яна не магла. Душны iнтэрнацкi пакой выклiкаў гiдлiвасць i пагарду, ужо смешнымi, нават iдыёцкiмi здалiся паводзiны ў звадзе з Калеснiкам.

      «У Сержа i сапраўды магла быць важная сустрэча, – апраўдваючы каханка, думала Ядзя; неаднойчы чутыя тэлефонныя размовы тычылiся грашовых спраў i цяпер зусiм па-iншаму тлумачылi паводзiны Калеснiка. – Ён не бегаў, як Шаўцоў, па таварных станцыях, не разгружаў вагоны, але ж за нешта трэба было шыкаваць. Значыць, i сапраўды Серж зарабляў грошы i, канечне, у кватэры сустракаўся з дзелавымi людзьмi. Ён аберагаў мяне ад лiшняга клопату, а я, дурнiца, звычайную сiтуацыю ператварыла ў жудасны сон… Усё, хопiць, к чорту гонар, к чорту Шаўцова, я хачу быць з Сержам i толькi з iм!»

      Праз гадзiну Ядзя паспешлiва ўвайшла ў пад’езд. Яна хвалявалася, нават памылкова заехала ў лiфце паверхам вышэй кватэры Калеснiка. Прыдзiрлiва агледзеўшы сябе ў маленькiм люстэрку, Ядзя падмалявала вусны, прыпудрыла шчокi, нос i, крыху супакоiўшыся, пачала спускацца па лесвiцы ўнiз. І раптам каля Калеснiкавых дзвярэй убачыла высокую русявую дзяўчыну гадоў дваццацi пяцi, апранутую ў строгi, зеленаватага колеру касцюм. Дзяўчына, вiдавочна, спяшалася. Раз-пораз паглядаючы на гадзiннiк, яна бесперапынку званiла ў дзверы. Ядзя адчула сябе нядобра, на адразу ацяжэлых ватных нагах паднялася вышэй, каб яе не было бачна, i стомлена села на прыступку. Ад думкi, што там, ля дзвярэй, новая Сержава каханка, зрабiлася млосна, гарачая хваля рэўнасцi ўскалыхнула пачуццi, болем апякла душу.

      Нарэшце дзверы рыпнулi, i да слыху даляцеў да болю знаёмы голас.

      – Iра? – здзiвiўся Калеснiк. – Што здарылася?

      – Прабачце, Сяргей Мiкалаевiч, але я па разлiк, – адным духам умольна выпалiла дзяўчына.

      «Яна назвала яго Сяргеем Мiкалаевiчам, – адразу адзначыла Ядзя, – значыць, яны не каханкi… Якое шчасце! Ён мой!..»

      – Мо зойдзеш у кватэру? – з трывогай у голасе прапанаваў Калеснiк.

      – Мяне чакае таксi, – ужо больш спакойна прагаварыла дзяўчына, – i я выходжу замуж.

      – Ты парушаеш угавор, – сярдзiта прабурчаў Калеснiк. – Хто цябе заменiць?

      – Сяргей Мiкалаевiч, мой будучы муж – вайсковец, i мы ўсё вырашылi: сёння вечарам ляцiм у Маскву, а заўтра – у Петрапаўлаўск-Камчацкi. Я спадзяюся на Вашу сумленнасць: жанiх не павiнен нiчога ведаць.

      – Я не вораг нi табе, нi сабе, – усмiхнуўся Калеснiк. – Мы добра папрацавалi, толькi на ўсю долю не разлiчвай.

      – Нам так патрэбны грошы, – умольна ўздыхнула дзяўчына.

      – Пошук замены будзе каштаваць дваццаць працэнтаў, – рэзка перапынiў яе Калеснiк. – Зараз прынясу, што вiнен.

      Калi Iрына пайшла, Ядзя яшчэ з паўгадзiны тулiлася ля сцяны на лесвiчнай пляцоўцы, разважала, спрабуючы зразумець, пра якую работу яны гаварылi, але так i не змагла ўцямiць, асэнсаваць пачутае. Больш марудзiць не магла, наважылася i з замiраннем сэрца нацiснула на кнопачку званка. Дзверы адчынiлiся нечакана хутка. Убачыўшы Ядзю, Калеснiк у першы момант разгубiўся. Было вiдавочна, што ён кагосьцi чакаў, толькi не яе. Канфуз доўжыўся нейкую хвiлiну, у наступны момант ён шчыра ўсмiхнуўся, твар засвяцiўся радасцю,

Скачать книгу