Скачать книгу

iх, кiнула на ложак i ў гэтую хвiлiну раптам узгадала, што сёння нядзеля, выхадны. Нервовай паспешлiвасцi i ранiшняй напругi як i не было, жанчына млява, лянотна пацягнулася, амаль шчаслiва ўсмiхнулася i павесiла сукенкi на месца. Ад адной толькi думкi, што не трэба нiкуды iсцi i цэлы дзень можна займацца хатнiмi справамi, настрой адразу палепшыўся. Нават кашмарны сон здаўся не такiм жудасным, ён сцiшыўся дзесьцi глыбока ўсярэдзiне, каля самага сэрца, i непрыемным, шчымлiвым халадком нагадваў аб сабе, чакаў свайго часу.

      Ядзя накiнула на плечы ружовы халат, падышла да трумо, паспешлiва агледзела сябе ў люстэрку. Яна з непрыхаваным задавальненнем i нават радасцю адзначыла, што i без макiяжу выглядае значна маладзей сваiх трыццацi шасцi гадоў. Вытанчана-прыгожы, без адзiнай зморшчынкi твар з невялiкiм, крыху кiрпатым носам рабiў яе вабнай i непасрэднай. Чорныя, як крыло грака, валасы, нечакана вялiкiя, блакiтныя з зеленаватым адценнем вочы i асаблiва па-дзiцячы капрызныя, пульхныя вусны надавалi ёй крыху наiўны, безабаронна-разгублены выгляд. Праўда, на шыi ўжо з’явiлiся здраднiцкiя зморшчыны, не дапамагаюць нi масаж, нi крэмы, але ж выйсце знайшла, пачала насiць сукенкi з высакаватым каўняром цi чапляць на шыю дарагiя каралi. Ядзя ўсмiхнулася, правяла далонню па шыi, твары, высокiх грудзях, паставiла рукi ў бокi i какетлiва крутнулася ўправа, улева. Задаволеная аглядам, уключыла японскi магнiтафон, што месцiўся тут жа, сярод усялякiх памераў касметычак, i ў добрым, прыўзнятым настроi пайшла на кухню гатаваць сняданак.

      Калi на плiце закiпеў чайнiк, а на стале сквiрчэла яечня, у дзверы пазванiлi. Ядзя страпянулася, выключыла плiту i з нядобрым прадчуваннем, на дыбачках, асцярожна перастаўляючы ногi, накiравалася ў цёмны калiдор. Не запальваючы святла, прытулiлася да вочка, якое свяцiлася ў дзвярах жаўтаватай кропкай. На лесвiчнай пляцоўцы стаяў Калеснiк.

      «Вось i сон у руку», – непрыязна падумала жанчына i сцiшана, ледзь дыхаючы, крутнулася назад, на кухню. У яе не было анiякага жадання сустракацца з гэтым чалавекам, але Калеснiк настойлiва загрукаў у дзверы.

      – Ядзя, адчынi! – пачуўся раздражнёны голас. – Я ведаю, ты дома!

      Таiцца i хавацца надалей не мела сэнсу.

      – Хто там? – санлiва азвалася яна, шчоўкнула выключальнiкам i наблiзiлася да дзвярэй.

      – Адчынi, гэта я.

      Ядзя адамкнула замок, скiнула з дзвярэй ланцужок i саступiла месца на ўваходзе:

      – А я так успалася, што ледзь пачула.

      – Не ганi туфту! – Калеснiк рэзка адштурхнуў жанчыну, крутнуўся ў спальню, на кухню, зазiрнуў у ванную.

      Ядзя не пайшла за iм, ведала, каго можа шукаць былы каханак.

      – Ты адна? – нарэшце вынырнуў у калiдор Калеснiк i з недаверам паглядзеў на гаспадыню.

      – Я не павiнна адчытвацца! – гнеўна зiрнула Ядзя на няпрошанага госця i з абыякавым i пагардлiвым выглядам прайшла на кухню.

      – Не можа такая пекная кабета спаць адна, – рагатнуў у спiну Калеснiк i, не распранаючыся, пасунуўся ўслед. – От, i сняданак гатовы, а кажаш, што спала, – ён па-блазенску зiрнуў на Ядзю

Скачать книгу