Скачать книгу

сцэн, ён пры іх публічных зносінах не заўсёды мог паводзіць сябе нязмушана: яму дрэнна давалася поўная раскаванасць. Ён, вядома, часткова з прычыны свайго самаадданага кахання, але ў большай ступені, мусіць, таму, што ў грамадстве стаяў ніжэй, быў слабейшы, дазваляў ёй, як дзіця, лаяць сябе, каб потым пакорліва і маркотна прасіць выбачыць, пакуль яму зноў не дазвалялася прыціснуцца галавою да яе каленяў, а яна не пачынала пяшчотна гладзіць яму валасы з мацярынскай, амаль спачувальнай пяшчотаю. А ён пазіраў, лежачы каля яе ног, на яе знізу ўверх, ён прыходзіў і адыходзіў толькі паводле яе жадання, ён быў паслухмяны адносна кожнага яе капрызу, а капрызы ў яе былі.

      "Малы, – казаў Ролінг, – я думаю, што ты трапіў пад абцас. Мне здаецца, што ты занадта свойскі для дзікага шлюбу!"

      "Ролінг, ты – асёл. Ты гэтага не разумееш. Табе гэта незнаёма. Я кахаю яе. Гэта – усё. Я кахаю яе не проста так… так, а кахаю яе якраз… я… ах… гэта ніяк немагчыма выказаць…"

      "Ты проста казачна цудоўны хлопец", – казаў Ролінг.

      "Ды кінь ты, лухта!"

      Лухта! Гэтыя неразумныя выразы пра "абцас" ды "занадта свойскі" зноў-такі мог выказваць толькі Ролінг. Ён сапраўды нічога не цяміў у гэтым? А што ён сапраўды ўяўляў сабою?! Стасункі ж былі такімі простымі і правільнымі. Ён жа ў любы момант мог узяць яе рукі ў свае і ўвесь час паўтараць ёй: "Ах, няўжо ты мяне кахаеш, няўжо хоць кропельку кахаеш… Як я ўдзячны табе за гэта!"

      Аднойчы цудоўным, лагодным вечарам, калі ён самотна блукаў па вуліцах, ён зноў прыдумаў верш, які вельмі крануў яго. Вось такое нешта:

      Калі ўжо дагарэў прамень

      І дзень памёр у цішыні,

      З’яднайся з ноччу, нібы цень,

      Ды ўслаў таго, хто ў вышыні.

      Адчуй душой, з якой журбой

      Наш лёс вартуе ён.

      Як быццам кажа: "Позірк мой

      І шчасце бачыць, і праклён".

      Аднойчы праміне вясна

      Ды прыйдзе зноў зіма…

      На свеце вечнага здаўна,

      Як ні шукай – няма.

      Пакуль жа смела тварык твой

      Прыцісні да маёй шчакі,

      Усё яшчэ жыве вясной —

      Дзень сонечны такі!

      Не плач, не плач! Няма бяды,

      Прыйдзі, усцеш мяне.

      Якія нашыя гады!

      Каханне нас не падмане!

      Але верш натхніў яго не таму, што ён сапраўды і па-сур’ёзнаму ўявіў сабе мажлівасць канца. Гэта была б абсалютна вар’яцкая думка. Ад шчырага сэрца з’явіліся толькі апошнія радкі, дзе сумная манатоннасць інтанацыі хвалявання ад цяперашняга шчасця была парушана хуткімі, вольнымі рытмамі. Астатняе было толькі музычным настроем, з якога ён выціскаў з вачэй незразумелыя слёзы.

      Потым ён зноў напісаў сваім родным дадому некалькі лістоў, якіх, напэўна, не зразумеў бы ніводзін чалавек. Там, шчыра кажучы, нічога не было напісана; наадварот, у іх самым хвалюючым чынам былі расстаўленыя знакі прыпынку, і яшчэ яны кішэлі мноствам зусім неабгрунтавана скарыстаных клічнікаў. Але ж нейкім чынам яму патрэбна было выказаць усё сваё шчасце

Скачать книгу