Скачать книгу

сваю свядомасць, каб даказаць сабе, што гэта сапраўды ён сам, і яго неверагодна-цнатлівыя позіркі вандравалі ўвесь час па яе твары і фігуры… Напраўду, гэта былі яе матава бялявыя валасы, яе салодкія вусны, яе мяккае падбароддзе з гэтай схільнасцю да падвойнасці, гэта быў яе звонкі дзіцячы голас, яе прыемнае маўленне, якое цяпер па-за тэатрам крышку выяўляла паўднёва-нямецкі дыялект; гэта былі, калі яна, больш не звяртаючы ўвагі на ягоны апошні адказ, зноў узяла яго візітоўку са стала, каб яшчэ раз больш дакладна ўпэўніцца ў правільнасці яго імені-прозвішча, – гэта былі яе каханыя рукі, якія ён так часта цалаваў у сне, гэтыя неапісальныя рукі, і яе вочы, якія зноў былі скіраваныя на яго… з выразам, зацікаўленая прыязнасць якога ўсё яшчэ бесперапынна павялічвалася! І яе мова зноў была звернутая да яго, калі яна пытаннямі і адказамі працягвала нязмушаную гаворку, якая, збіваючыся час ад часу, зноў з лёгкасцю ўзнаўлялася, закранаючы іхняе паходжанне, іх заняткі ды ролі Ірмы Вельтнэр, „трактоўку“ якіх з яе боку ён, вядома, неабмежавана ўхваляў і быў ад іх у захапленні, хоць, шчыра кажучы, як яна сама са смехам заўважала, там не было і кроплі таго, што варта было „трактаваць“.

      У яе вясёлым смеху заўсёды заўважна гучала маленькая нота тэатральнасці, быццам таўсматы тата толькі што адрасаваў партэру чарговы мозэраўскі[26] жарт; але гэта зачароўвала яго, калі ён яшчэ ў дадатак з зусім непрыхаванай шчырасцю разглядваў яе твар, да такой ступені, што яму не адзін раз даводзілася душыць у сабе спакусу хуценька кінуцца ёй у ногі, каб шчыра прызнацца ў каханні…

      Прайшла, мусіць, цэлая гадзіна, калі ён нарэшце ў поўнай разгубленасці зірнуў на свой гадзіннік і хуценька ўстаў.

      „Ах, як доўга я Вас затрымаў, фройляйн Вельтнэр! Вам даўно ўжо варта было прагнаць мяне! Вы павінны паступова звыкнуцца з тым, што час побач з Вамі…“

      Ён зрабіў гэта ненаўмысна вельмі спрытна. Ён ужо амаль цалкам адышоў ад таго безумоўнага захаплення дзяўчынай як акцёркай; яго шчыра прамоўленыя кампліменты інстынктыўна рабіліся ўсё больш чыста асабістымі.

      „А колькі часу ўжо? Чаму Вы ўжо хочаце ісці?“ – спытала яна з засмучаным здзіўленнем, якое, калі яно было штучнае, падзейнічала ва ўсякім разе больш рэалістычна і пераканаўча, чым ёй гэткае ўдавалася калі-небудзь на сцэне.

      „Напрамілы Божа, я даволі доўга надакучваў Вам! Цэлую гадзіну!“

      „Ды не! Час для мяне праляцеў хутка!“ – усклікнула яна ўжо са шчырым уздымам. – Цэлую гадзіну?! Тады мне сапраўды трэба паспяшацца, каб завучыць яшчэ тое-сёе з маёй ролі… на сённяшні вечар… Вы будзеце ў тэатры сёння вечарам?.. На рэпетыцыі я не ведала яшчэ нічога. Рэжысёр ледзь не адлупцаваў мяне!»

      «Калі мне яго прыбіць?» – урачыста спытаў ён.

      «Чым раней, тым лепей!» – засмяялася яна, працягваючы яму руку на развітанне.

      Тут ён схіліўся з непадробнай жарсцю да яе рукі і прыціснуў свае вусны да яе ў доўгім неспатольным пацалунку, ад якога, нягледзячы на напамін розуму, ніяк не мог адарвацца, адарвацца ад салодкага паху гэтай рукі, ад гэтага дабрадзейнага пачуццёвага

Скачать книгу


<p>26</p>

Тут маецца на ўвазе, хутчэй за ўсё, асоба знакамітага нямецкага публіцыста і літаратара Фрыдрыха Мозэра (1723–1798), які быў вядомы сваім асаблівым гумарам.