ТОП просматриваемых книг сайта:
Знак чатырох. Артур Конан Дойл
Читать онлайн.Название Знак чатырох
Год выпуска 1890
isbn 978-985-7165-33-9
Автор произведения Артур Конан Дойл
Серия Бібліятэка часопіса “ПрайдзіСвет” “PostScriptum”
Издательство Электронная книгарня
– Рочэстэр-роў, – мармытаў ён. – А цяпер – плошча Вінсэнт. Выязджаем на Воксхал-Брыдж-роўд. Відаць, едзем у бок Сурэя. Так, думаю, менавіта туды. Цяпер мы мінаем мост. Вунь там бачныя водбліскі вады.
Мы і праўда мімаходзь заўважылі Тэмзу, спакойная і шырокая гладзь якой адлюстроўвала ліхтары, але наш кэб пранёсся над ёй і хутка зноў згубіўся ў лабірынце вуліц на іншым беразе ракі.
– Ўонсварт-роўд, – працягваў мой сябра. – Праяры-роўд. Ларк-Хол-лэйн. Плошча Стоквэл. Роберт-стрыт. Колд-Харбар-лэйн. Здаецца, нас вязуць не ў самы фешэнебельны раён Лондана.
Мы і праўда апынуліся ў вельмі сумнеўным і змрочным раёне. Доўгія шэрагі панылых цагляных дамоў ажыўляліся толькі ярка і крыкліва асветленымі пабамі на рагу. Потым пачаліся чароды двухпавярховых асабнякоў, перад кожным з якіх быў маленечкі садок, а потым зноў бясконцыя шэрагі новых кідкіх цагляных будынкаў – пачварныя шчупальцы, якія гіганцкі горад запускае ў навакольны прастор. Урэшце кэб пад’ехаў да трэцяга дома новай вуліцы. Ніводзін з суседніх дамоў не быў заселены, а той, ля якога мы спыніліся, не адрозніваўся ад іх нічым, апроч самотнага агеньчыка ў кухонным акне. Але калі ў дзверы пастукалі, на парозе з’явіўся слуга-індус у жоўтай чалме і прасторным белым строі з жоўтым пасам. Яго ўсходняя фігура на фоне шараговых дзвярэй дома, што месціўся ў прыгарадзе трэцяга гатунку, глядзелася неяк дзіўна і недарэчна.
– Сахіб чакае вас, – сказаў ён, і ў тое ж імгненне з унутраных пакояў пачуўся высокі, амаль вісклівы голас:
– Вядзі іх да мяне, кітматгар*. Вядзі іх проста да мяне.
Раздзел 4. Гісторыя чалавека з лысінай
Брудным і ўбогім калідорам, слаба асветленым і амаль без мэблі, індус давёў нас да дзвярэй справа і адчыніў іх. У вочы нам ударыла жоўтае святло, у якім стаяў нізенькі чалавечак з выцягнутай галавой і рудой махрай валасоў, над якой, нібы над піхтавым лесам, узвышалася горная вяршыня бліскучай лысіны. Ён стаяў склаўшы рукі, і яго твар увесь час рухаўся – то ўсміхаўся, то хмурыўся, але не даўжэй за адно імгненне. Прырода ўзнагародзіла чалавечка адвіслай губой, з-пад якой вытыркаліся жоўтыя няроўныя зубы, і ён увесь час беспаспяхова спрабаваў прыкрыць іх рукой. Нягледзячы